№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Зміцер Колас: «Беларуская мова — для добрых спраў»

3 верасня 2010

Зміцер Колас: «Беларуская мова — для добрых спраў»
А раней быў выдавецкі аддзел Беларускага Гуманітарнага культурна-адукацыйнага цэнтра (ліцэя) і кароткі час супрацоўніцтва з выдавецтвам «Энцыклапедыкс». Пра тое, з чаго пачынаўся лёс перакладчыка і як выдаюцца беларускія кнігі, Аляксей Хадыка гутарыць са Зміцерам Коласам.

— Я з дзяцінства любіў літары. Бацькі з замежных падарожжаў прывозілі разнастайныя выданні, якія я з задавальненнем разглядаў. Брат Уладзімір, старэйшы за мяне на 6 гадоў, пайшоў у школу і вучыў мяне літарам, гэтаксама як і дзед з бабуляй. Так і склалася, што ў 3 гады я ведаў ужо два алфавіты — лацінскі і кірылічны. Размаўлялі ў хаце і па-беларуску, і па-руску. Калі ішла сур’ёзная размова — заўсёды па-руску. А пад добры настрой ці ў свята — пераходзілі на беларускую. Таму ў мяне стваралася ўражанне, што беларуская мова — вясёлая і прызначаная для добрых спраў. Зрэшты, мовы тады асабліва ў галаве не падзяляліся.

— Калі ж прыйшло разуменне, якую прафесію абраць?

— Тады, калі зразумеў, што не стану пісьменнікам. Я чытаў, колькі можа прачытаць дзіцё. І калі прачытаў дастаткова, зразумеў, што наўрад ці я напішу нешта новае. Большасць новых пісьменнікаў пішуць тое ж, што і ранейшыя, толькі па-свойму. І літаратура зводзіцца найперш да стылістыкі. А выяўляць сябе ў стылістыцы можна з дапамогай перакладаў. Усвядоміў я гэта пазней, але ў інстытут паступаў ужо з дакладнай мэтай стаць перакладчыкам.

Пераклад — гэта творчасць, абумоўленая матэрыялам, які ўтрымлівае арыгінал. Ты звязаны сюжэтам, але абсалютна вольны ў лексічным плане: кожная мова будуецца па-свойму лексічна, стылістычна і сінтаксічна. Можна сказаць, што мова зрабіла з малпы чалавека. І адрозніваемся мы менавіта мовамі. Мова ўплывае нават на знешні выгляд чалавека: у кожнай мове свае інтанацыі і нават дыханне, прамоўца па-рознаму варушыць языком. Адпаведна, і твар пачынае фармавацца па-іншаму.

— Вы гаворыце пра асаблівасці стылю, а ці магчымыя вольнасці з сюжэтам?

— Усе сюжэты створаныя ў Старажытнай Грэцыі, і новы не выдумае і арыгінальны пісьменнік. Ён можа ўзяць факталогію, а перакладчык звязаны больш, чым пісьменнік, бо ён абмежаваны сюжэтнымі лініямі і паваротамі, якія створаны арыгінальным пісьменнікам. Але ён вольны ў выбары лексічных сродкаў у сваёй мове. Прыкладам, можна сказаць «мне знаёма» ці «я ведаю», і выбар тут часцей на густ перакладчыка. Хоць бывае, што і такія рысы ўваходзяць у адметнасць арыгінальнага твора. У апавяданні Сартра «Мур» ідзе аповед ад асобы галоўнага героя, але ён сам ад сябе адасоблены. Калісьці я пераклаў адзін з эпізодаў прыкладна так: «Нас заштурхнулі ў вялікі светлы пакой, і я адразу заміргаў ад яркага святла, якое ўдарыла ў вочы». З цягам часу я зразумеў памылку, бо трэба было напісаць «мае вочы заміргалі», падкрэсліваючы адасобленасць унутранага стану героя. У прынцыпе, пераклад робіцца не слова словам, сказ сказам, і нават не раздзел раздзелам, а вобраз вобразам. Вобразы складаюцца на працягу ўсяго твору, і калі гэта адчуць, пераклад атрымліваецца.

— Выдатнае веданне моваў даў Мінскі інстытут замежных моў?

— Я зразумеў, што апроч гэтага інстытута вывучыць на патрэбным узроўні замежную мову я не змагу. Ездзіць за мяжу было немагчыма, а ў іншых інстытутах мову «вучылі», а не вывучалі. На філалагічным факультэце БДУ выкладалася літаратура, а не мова. А літаратуры мяне ўжо навучыў бацька… Мне з дзяцінства было страшна глядзець на хатнія кніжныя шафы, якія пагражалі абрынуцца на мяне. А бацька ўсё гэта прачытаў, і быў для мяне сапраўднай «акадэміяй», бо мог расказваць пра любога аўтара і твор, падкрэсліваючы яшчэ дэталі і адмысловасці.

Мне папросту пашанцавала, бо Інстытут замежных моў быў наймацнейшай ВНУ ў сваёй галіне ў СССР. А на чацвёртым курсе на палову года я ездзіў на стажыроўку ў Францыю. Стажыроўка была неверагоднай удачай. Калі мы прыехалі ў Францыю, нам сказалі — вы размаўляеце на выдатнай мове герояў Бальзака… А пасля я зразумеў, каб навучыцца мове, трэба пачынаць, як пачынае дзіця. Я ператварыўся ў французскае дзіця, хуценька прачытаўшы казкі, дзіцячую і падлеткавую літаратуру.

— Прачытаўшы, пачалі выдаваць кнігі...

— Выдадзена шмат цікавых кніг, але ацэньваць маюць права найперш чытачы. Пачынаў я з дзіцячай і юнацкай літаратуры, хаця і зараз ёсць пераемнасць: гэта і Карлсан, і Піпі Доўгаяпанчоха, і Мумітролі (першы выпуск — «Маленькія тролі і вялікая паводка», сёлета запланаваны яшчэ два). Ёсць думкі перавыдаць Шарля Перо. Але на сёння дамінуюць серыі «агульнага попыту» — «Літаратурная скарбонка» ў мяккай вокладцы і «Littera scripta» — у цвёрдай, падобная да савецкіх «Классиков и современников». Апошняя пачалася летась з Патрыка Бесона і «Фердыдуркі» Вітальда Гамбровіча. Неўзабаве з’явяцца «Мажлівасць выспы» Уэльбека, «Евангелле ад Пілата» Шмідта ў перакладзе Андрэя Хадановіча. У іншай серыі «Бібліятэка французскай драматургіі» выйшла тры выпускі (кожны ўтрымлівае па 3 п’есы), рыхтуецца чацвёрты. Я даўно супрацоўнічаю з Васілём Сёмухам, якога лічу настаўнікам-«патронам» у перакладчыцкай дзейнасці. Зараз ім падрыхтавана некалькі тэкстаў, да выдання якіх разлічваю падступіцца, сярод іх «Стэпавы воўк» Германа Гесэ. Па парадзе нямецкага калегі днямі выйшаў на знакамітага новазеландскага пісьменніка — імя пакуль сакрэт. Бабуля новазеландца нарадзілася ў Мінску.

Зараз сярод перакладчыкаў ідзе «розрух», з’яўляецца нямала новых імёнаў. Адзінае, што трэба знаёміцца з тэкстамі ў сэнсе іх чытэльнасці і «рэдагібельнасці». Прапаноўваецца не перакладаная раней класіка, як «Лялька» Пруса, творы Бернарда Шоу — што ўваходзіць у мае выдавецкія планы бліжэйшага года для серыі «ўсяго напісанага», «Littera scripta». Мяркую працягнуць выданне асноў перакладчыцкай дзейнасці — слоўнікаў. Хутка з’явіцца самы ёмісты з тэхнічна падрыхтаваных мной слоўнікаў — беларуска-нямецкі на 70 тысяч словаў і словазлучэнняў (спажыўцы ўжо атрымалі англійска-беларускі і нямецка-беларускі). Адна з маіх мараў — стварэнне французска-беларускага слоўніка, але стрымлівае адсутнасць часу: даводзіцца займацца і перакладамі, і выданнем, і рэалізацыяй надрукаванага. І мала сказаць, што гэта цяжка, бо, улічваючы заказныя выданні, я выпускаю каля 25 кніг на год, не адмаўляючы ў супрацы літаратарам-пачаткоўцам. Апошняе — прынцып, паколькі сапраўдная літаратура мусіць расці «на грунце». Чым болей выдаецца, тым болей шансаў, што мы ўбачым новы сапраўдны талент.

Часам аб’ёмныя кнігі займаюць месяцы працы, як зборнік, што з’явіцца днямі, — «Успаміны і дзённікі» беларускай эмігранткі з ЗША Зоры Кіпель, кніга, я б сказаў, не аднаго жыцця, на 992 старонкі.

— А якія са сваіх праектаў Вы лічыце найбольш удалымі?

— Ва ўласным успрыняцці я найперш перакладчык, а не выдавец. З таго, што давялося перакласці, мне падабаецца «Праект рэвалюцыі ў Ню-Ёрку» Алена Роб-Грые, пераклады Шарля Перо, урыўкі з Рабле і «Песні пра Раланда». Дзве апошнія працы я спадзяюся дарабіць цалкам, бо ўрыўкі друкаваліся толькі ў двухтомнай «Хрэстаматыі літаратуры народаў свету», амбітным выданні часоў БГКАЦ, складаннем якога кіраваў Лявон Баршчэўскі. Супрацоўніцтва з апошнім цягам маёй выдавецкай працы вельмі плённае. Працягну пераклады Жана-Поля Сартра і Альбера Камю, у прыватнасці рамана «Чума», не скончаныя ў 1980-я, калі творы гэтых аўтараў выходзілі ў «Мастацкай літаратуры». Што ж да п’ес Камю, я іх пераклаў і надрукаваў у розных зборніках усе.

— Што з Вашых работ знаходзіла ўвасабленне на сцэне?

— Нямала, прычым перакладаў не толькі з французскай, але і з англійскай. «Чароўная нядзелька для пікніка» Тэнесі Уільямса ставілася ў Маладзёжным тэатры, як і «Маленькая Аліса» Эдварда Олбі. Апошняя, вельмі цікавая, але закручаная, з тэатру абсурду, пратрымалася нядоўга: яна разлічана на спецыфічнага, вельмі падрыхтаванага гледача. Мікалай Пінігін папулярную п’есу Франсіса Вебера «Вячэра з дурнем» ставіў двойчы — па-руску ў антрэпрызе і па-беларуску ў Купалаўскім. Да тэатра ў мяне асаблівае стаўленне, бо я быў выхаваны бацькам — тэатральным крытыкам, шмат п’ес і глядзеў, і чытаў. Зараз ідзе падрыхтоўка пастаноўкі — не будзем пакуль раскрываць таямніцы, дзе і калі, — з Шарля Перо, такога спектакля, які б зацікавіў і дзяцей, і дарослых. Бо вядома, усе казкі Перо заканчваюцца абсалютна дарослымі маралямі…

— Як выдавец, раскажыце пра стан рэалізацыі беларускамоўнай літаратуры.

— Гэта боль усіх выдаўцоў, і прыватных, і дзяржаўных, хаця дзяржаўным лягчэй. Яны маюць магчымасць распаўсюду кніг праз бібліятэкі і адміністрацыйным рэсурсам. Кнігарні плацяць нерэгулярна, што азначае немагчымасць аднаўлення роўнага па памеры выдавецкага цыклу пры спозненым вяртанні сродкаў. На пачатку 1990-х гадоў беларуская і дзіцячая літаратура не абкладалася падаткамі, зараз сітуацыя іншая. Уявіце, продаж кніг ліцэнзуецца пад пазіцыяй «гандаль канцтаварамі». Калі ў той жа Расіі кнігавыдавецтва не абкладаецца падаткамі, то захоп рынку расійскай кнігай тлумачыцца не толькі фактарам моўнай сітуацыі, але і тым, што пры больш спрыяльных падатковых умовах і аб’ектыўна большых накладах расійская кніга атрымліваецца танней і больш якаснай. Без дзяржаўнай апекі над літаратурай не варта чакаць ніякага зруху. У Беларусі сітуацыя выключная: ва ўсім свеце выданне літаратуры не толькі льгатуецца, але атрымлівае вялізныя субсідыі ад дзяржавы і ад грамадства. У нас жа адсутнасць грамадскіх фондаў па падтрымцы гуманітарных пачынанняў дапаўняецца падатковым прэсам.

Неабходна іншае стаўленне да беларускай мовы і культуры. Мова павінна вывучацца не як лаціна ў «рэзервацыі» ў школе. Выйшаўшы з яе сцен, мы не можам ні паглядзець кіно па-беларуску, ні прачытаць класіку. У нас яшчэ не перакладзеная сусветная класіка, а калі мы хочам мець вышэйшую беларускую школу, нам неабходны адпаведны корпус тэкстаў. Адкрываючы беларускі універсітэт, пра што зараз нярэдка гаворыцца, трэба паралельна перакладаць літаратуру. Выкажу крамольную думку, гэта можна рабіць як калісьці ў краінах Балтыі, у якіх, па вызваленні ад Расійскай імперыі, пераклады класікі цягам дзесятка гадоў ажыццявілі не заўсёды з моў арыгіналаў, а ўвогуле з любых моў, разумеючы, што сілаў малых народаў на іншае не хопіць. Пераклад — інструмент дабудовы нацыянальнай культуры, таму ў свеце перакладаў выходзіць у сотні разоў больш за арыгіналы.
паводле novychas.org

Чытайце таксама

488