Выстава "Святло кнігі ў выяўленчым мастацтве" ў Нацыянальнай бібліятэцы
7 верасня 2010
У сярэдзіне XIX ст. у Расіі кніга была доляй амаль выключна людзей з вышэйшага грамадства. І. Крамской напісаў партрэт сваёй жонкі, якая чытае ў садзе на фоне вечаровага неба. Без кнігі не маглі абыходзіцца філосафы (партрэт У. З. Салаўёва работы І. Крамскога), навукоўцы (партрэт Д. І. Мендзялеева работы І. Рэпіна), пісьменнікі (партрэт М. А. Валошына работы Б. Кустодзіева), дзеячы мастацтва (партрэт А. Бенуа, створаны Л. Бакстам). Уплыў імпрэсіянізму выклікаў ў мастакоў цікавасць да малюнка чытання на адкрытым паветры, што дазваляла найбольш ярка перадаць светапаветранае асяроддзе. У шэрагу гэтых працаў – творы У. Сярова “Партрэт А.Я. Сімановіч”, К. Каровіна “У лодцы”.
У апошняй трэці XIX ст. французскія імпрэсіяністы ўключылі кнігу як частку сямейнага жыцця ў вялікую колькасць сваіх твораў. Так, персанажы карцін А. Рэнуара чытаюць кнігу за сняданкам (“Сняданак у Берневалі”), чытаннем занятыя сяброўкі (“Дзяўчыны, якія чытаюць"), закаханыя (“Адзінота”), маленькія дзеці (“Джэйн і Жэнеўева Кейлібот”). У Эдуара Манэ чытанне кнігі выкарыстоўваецца як спосаб спадабацца дзяўчыне (“Чытанне”), кніга – спадарожнік адваката (“Партрэт адваката Жуля дэ Жуі”), паэта (“Партрэт Стэфана Малармэ”).
На выставе прадстаўлена каля 100 дакументаў. Гэта альбомы, кнігі, паштоўкі, рэпрадукцыі працаў рускіх, беларускіх і замежных мастакоў, “кніжная тэма” раскрытая і ў рускім плакаце.