У Беларусі адбудзецца свята нямецкай мовы
10 верасня 2010
Як паведаміў Клічко, гэтае свята — традыцыйная акцыя, якая праводзіцца ў Беларусі ўжо чацвёрты год. У гэты раз арганізатары маюць намер акцэнтаваць увагу на пытаннях варыятыўнасці нямецкай мовы. Перш за ўсё вывучаюцца тыя нормы мовы, якія існуюць у Германіі, аднак нямецкая мова выкарыстоўваецца таксама ў Швейцарыі і Аўстрыі, адзначыў Клічко.
Мерапрыемствы свята прадугледжваюць культурную і адукацыйную праграму. У рамках культурнай праграмы будзе прадстаўлена шоу швейцарскай пісьменніцы і спявачкі Брыгіты Шэр. 21 і 22 верасня яна выступіць у Гродне. Гледачоў чакае арыгінальнае спалучэнне тэксту і музыкі, дэкламацыі і спеваў. Пісьменніца прадставіць свае кнігі з дапамогай сродкаў тэатра, мастацтва і музыкі. 24 і 25 верасня Брыгіта Шэр пакажа сваё музычна-песеннае шоу-чытанне ў Мінску. 25 верасня сустрэча пройдзе з перакладам на беларускую мову. Тэксты швейцарскай пісьменніцы, перакладзеныя на беларускую мову, прадставіць адна з вядучых актрыс Беларусі.
Адукацыйная праграма пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце (БарДУ), Інстытуце Гётэ ў Мінску. У БарДУ 23 верасня адбудзецца Дзень Аўстрыі. Аўстрыйскі прафесар Аляксандр Бурка правядзе семінары па аўстрыйскім варыянце нямецкай мовы для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ.
У Інстытуце Гётэ 24 верасня будуць прадстаўлены даклады нямецкіх і аўстрыйскіх спецыялістаў аб праблемах нямецкай мовы, варыянтах мовы ў Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. 25 верасня будуць арганізаваныя семінары і творчыя майстэрні для выкладчыкаў нямецкай мовы.