У Кактэбелі адкрыўся Валошынскі фестываль
14 верасня 2010
Арганізатары чакаюць, што ў Кактэбель на найбуйнейшы ва Украіне літаратурны фестываль прыедуць Яўген Рэйн, Святлана Васіленка, Андрэй Каровін, Аляксандр Кабанаў, Андрэй Грыцман і іншыя пісьменнікі з Расіі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Казахстана, Германіі, Ізраіля, ЗША, Мексікі і Бельгіі.
Галоўнымі падзеямі фестывалю стануць уручэнне Валошынскай прэміі і ўзнагароджанне пераможцаў Міжнароднага літаратурнага конкурсу імя Валошына.
Адна з намінацый конкурсу – перакладчыцкая і ўручаецца за пераклад сучаснага аўтара з беларускай мовы. Сярод беларусаў, пераклады чыіх твораў былі сёлета прадстаўленыя на конкурс, – Алесь Разанаў, Міхась Скобла, Уладзімір Някляеў, Ларыса Геніюш, Адам Глобус, Марыя Мартысевіч, Леся Беларуска, Вера Бурлак, Андрэй Адамовіч, Віталь Рыжкоў, Югася Каляда і Сяргей Прылуцкі. Са спісам прапанаваных на конкурс твораў, а таксама з імёнамі перакладчыкаў можна пазнаёміцца тут.
На працягу тыдня ў межах культурных мерапрыемстваў у Кактэбелі пройдуць творчыя вечары, літаратурныя майстар-класы, прэзентацыі кніг і фільмаў, спаборніцтвы па плаванні і турнір пісьменнікаў.