№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Kamunikat.org святкуе дзень нараджэння

22 верасня 2010

Kamunikat.org святкуе дзень нараджэння
Дзень нараджэння ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое доўгі час паспяхова супрацоўнічае з бібліятэкай Kamunikat.org.

Імяніннік

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org узнікла ў 2000 годзе як прыватная ініцыятыва і на працягу некалькіх гадоў існавала на грамадскіх пачатках. З часам сціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны, дзякуючы фінансавай падтрымцы польскага МЗС у рамках праекту "Польская дапамога", перарос у буйную бібліятэку, якая сёння з’яўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэк у сеціве.

На сённяшні дзень у нетрах сайта Kamunikat.org. можна знайсці амаль 6 000 беларускіх публікацый – кніг, часопісаў, газет, mp3-файлаў, якія датычаць Беларусі ці беларусаў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кніг, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай унікальнай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

У рамках праекту “Беларускія аўтары” Kamunikat.org дае магчымасць ствараць персанальныя сайты беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і даследчыкаў, чые кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх серый.

Ад імя імянінніка на свяце выступіць стваральнік і каардынатар праекту Kamunikat.org, радыёжурналіст, праграмны дырэктар “Радыё Рацыя” Яраслаў Іванюк. Яму дапаможа беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры Музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк.

Падарункі

Несці з сабой падарункі не давядзецца. Наадварот – Kamunikat.org падрыхтаваў свае падарункі ўдзельнікам імпрэзы. А гэта:

  • новае аблічча, якое прыме сайт напярэдадні дня нараджэння.
  • новыя магчымасці сістэмы, дзякуючы якім бібліятэка зрабілася нашмат багацейшай і – што самае важнае – нашмат зручнейшай. Цяпер кожны наведнік лёгка адшукае не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку ці часопісе.
  • новыя кнігі і новыя гукавыя запісы на паліцах бібліятэкі.


Госці

Гасцямі сустрэчы будуць вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў і навуковец Наталля Гардзіенка, а таксама бард Алесь Камоцкі.

Цікавосткі

Падчас імпрэзы адбудзецца:

  • выстава-кірмаш кніг, выдадзеных беларусамі Беласточчыны;
  • прэзэнтацыя праекту “Беларусы Польшчы” вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча.


Імпрэза адбудзецца ў сераду, 29 верасня, у “Галерэі Ў” (праспект Незалежнасцi 37а, ст. м. Плошча Перамогi). Пачатак а 18-й гадзіне.

Уваход вольны.

Чытайце таксама

384