№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Выйшаў “чэшскі” нумар “ARCHE”

12 жніўня 2009

Выйшаў “чэшскі” нумар “ARCHE”
Але акрамя гістарычных і аналітычных артыкулаў, прысвечаных мінуламу і цяперашняму чэшскага грамадства, вялікая ўвага ў нумары надаецца літаратуры сучаснай Чэхіі.

Укладальнікам “ARCHE” гэтым разам выступіў перакладчык і куратар кніжнай серыі “Чэшская калекцыя” Сяргей Сматрычэнка. У сваёй прадмове ён зазначае: “Хачу спадзявацца, што гэты нумар запомніцца, як запомніўся і той стары "Чэшскі альбом" 2003 году <…>. Як мне здаецца, нумар, у якім надрукаваныя гэтыя радкі, дастаткова моцны, дастаткова роўны і дастаткова правакатыўны, якім і быў "ARCHE" ад самага свайго пачатку, і што – маю на ўвазе найперш правакатыўнасць – так уласціва чэхам, якія не паспелі ачоліць Еўразвяз, як тут жа наскандалілі, прывёзшы ў Брусэль сваю "Энтропу". Вось і мне цікава, што скажаш ты, беларускі чытачу, на макаранічныя эксперыменты ад Бары Грэгаравай, едкую сатыру ад Яна Пэлца або маналог прастытуткі ад Петры Гулавай”.

У літаратурнай частцы акрамя ўзгаданых С. Сматрычэнкам аўтараў можна знайсці коміксы Яраслава Рудзіша і Яраміра 99, паэзію Марыі Шцястнай, Алеша М. Шванца, Радэка Малы, Паўлы Шуранскай, Віёлы Фішаравай. Празаічную частку складаюць пераклады твораў Бары Грэгаравай, Петры Гулавай, Яна Пэлца, Катэржыны Сідонавай, Эды Крызэовай, гарадскія паданні, сабраныя Пэтрам Янэчакам, і казка Пршэмысла Рута. У новай іпастасі – гэтым разам чэшскага пісьменніка – выступіў беларус Макс Шчур.

Літаратурная крытыка ў новым нумары “ARCHE” прадстаўленая рэцэнзіямі Аляксея Сеўрука на кнігу Марыюша Шчыгела “Готланд”, а таксама Ціхана Чарнякевіча на тры перакладныя кнігі “Чэшскай калекцыі”, што цягам некалькіх гадоў пабачылі свет у Беларусі.

Варта ўзгадаць і імёны перакладчыкаў, намаганнямі якіх стала магчымым прадставіць Чэхію літаратурную беларускім чытачам. Гэта Сяргей Сматрычэнка, Макс Шчур, Алена Пятровіч, Наталля Пяткевіч, Настасся Баярскіх, Марыйка Мартысевіч, Анастасія Доду-Цілаева, Святлана Рогач, Крысціна Шыянок, Любоў Падпорынава, Лізавета Касмач, Алесь Ушакевіч, Вольга Патапава, Вераніка Бяльковіч, Юлія Равякова, Ганна Рак, Таццяна Панфёрава.

Акрамя тэкставай часткі часопіс багата аздоблены чорна-белымі і каляровымі фотаздымкамі з калекцыі Анастасіі Доду-Цілаевай.

Цалкам са зместам нумару, а таксама ўмовамі яго набыцця можна азнаёміцца на сайце часопіса “ARCHE”.
паводле arche.by

Чытайце таксама

881