Што рабіць, каб беларусы не развучыліся чытаць?
22 верасня 2010
За шэсць месяцаў гэтага году ў Беларусі выпушчана 6000 кніг агульным накладам 20,5 млн асобнікаў. Атрымліваецца, усяго па 2,1 асобніка кніжнай прадукцыі на кожнага жыхара краіны.
- І ўсё ж насуперак песімістычным прагнозам, кніга пакуль вытрымлівае канкурэнцыю з новымі сродкамі перадачы інфармацыі, - лічыць загадчыца крамы "Раніца" ААТ "Магілёўсаюздрук" Вольга Аляксеева.
У пацверджанне гэтага тэзісу яна прыводзіць дадзеныя апытання, якое правялі ў кніжных крамах Магілёва ў траўні. На пытанне: "У якой форме вы аддаяце перавагу ў атрыманні той ці іншай інфармацыі?" 95% рэспандэнтаў ад 15 гадоў і старэй адказалі, што купляюць кнігі.
Прыхільнасць беларусаў да папяровых носьбітаў інфармацыі пацвярджае і статыстыка.
– За 7 месяцаў 2010 году працэнт росту таваразвароту па кнігах ў гандлёвай сетцы ААТ "Магілёўсаюздрук" склаў па горадзе 144,4%, па вобласці - 142%, - кажа Вольга Аляксеева.
Рост паказчыкаў спецыяліст звязвае з тым, што кнігагандляры самі падаграюць цікавасць чытачоў да тых ці іншых выданняў, а таксама хутка рэагуюць на рост попыту.
Чытача больш цікавіць жыццё на Рублёўцы?
Загадчыца сістэмы публічных бібліятэк Магілёва Галіна Краўчанка таксама адзначае, што пакуль колькасць чытачоў прыкметна не зменшылася. Самую шматлікую аўдыторыю складаюць школьнікі (45,5%), студэнты (27%), чытачы пенсійнага ўзросту (15%).
Улетку звычайна чытаюць літаратуру забаўляльных жанраў: фантастыка, прыгоды, дэтэктывы і "дамскія" раманы. Карыстаюцца попытам перыядычныя выданні. Студэнты і школьнікі на вакацыях аддаюць перавагу творам са школьнай праграмы і псіхалагічным раманам. Восень - час дзелавога чытання. Асноўнымі чытачамі робяцца студэнты і школьнікі з запытамі на навучальную і класічную літаратуру.
Галіна Краўчанка лічыць, што і ў цяперашніх умовах можна змяняць прыхільнасці чытачоў, камплектуючы бібліятэчныя фонды высокамастацкімі творамі замежных і айчынных аўтараў.
- У выніку некаторая частка нашых чытачоў пераключылася з "лёгкага чытва" на чытанне сур'ёзнай літаратуры, - падкрэслівае спецыяліст.
А як на густы могуць паўплываць выдавец і кнігагандляр?
- Асноўная наша задача - гэта рэалізацыя сацыяльна значных кніг беларускіх дзяржаўных выдавецтваў, - адзначае Вольга Аляксеева. - Гэтыя выданні прадстаўленыя ў прыярытэтным месцы гандлёвай залы, аформленыя пастаянна дзейныя выставы-продажы.
У той жа час, у гандлёвай сетцы ААТ "Магілёўсаюздрук" прысутнічае 28 тысяч найменняў выданняў. І толькі 1600 з іх выпушчаныя дзяржаўнымі выдавецтвамі.
У сувязі з гэтым раманістка Тамара Лісіцкая падымае пытанне аб канкурэнтаздольнасці сучаснай беларускай літаратуры:
- Справа ў тым, што за вядомымі расійскімі аўтарамі цягнецца шлейф раскручанасці выдавецтвамі і іншыя магчымасці інфармацыйнай падтрымкі, якія не можа сабе дазволіць выдавецтва ў Беларусі, - адзначае Лісіцкая. - Акрамя таго, нешта сваё чамусьці здаецца чытачу занадта будзённым, і яму заўсёды больш цікавае жыццё на Рублёўцы або ў тых жа сітуацыях, але на Елісейскіх палях.
На думку пісьменніцы, беларускія выдаўцы навучыліся ярка, стыльна і якасна афармляць кнігі - справа за прасоўваннем.
Ацэнка "Заўтра тваёй краіны"
Магчымасці па раскрутцы кніг у Беларусі ацэньвае Анатоль Атнагулаў, дырэктар выдавецтва "Рэгістр", якое год таму занялося выпускам мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў і, у адрозненне ад дзяржаўных выдавецтваў, займаецца таксама прасоўваннем сваёй прадукцыі.
За год у "Рэгістры" ўбачылі свет кнігі Вольгі Грамыка, Леры Сом, Нікі Батхан, Тамары Лісіцкай, Сяргея Клімковіча, Мікалая Чадовіча і Юрыя Брайдера. У друку кніга Юрыя Татарынава, зборнік Віктара Жабіна.
- Выдаць кнігу нескладана. Галоўнае потым рэалізаваць наклад, каб вярнуць затрачаныя сродкі. Вялікая ўдача, калі сам аўтар бярэ ў гэтым актыўны ўдзел. На стадыі перамоваў аб магчымым выданні твораў мы абмяркоўваем гэты момант. Былі выпадкі, калі даводзілася адмаўляцца ад супрацоўніцтва з аўтарам, таму што ён быў катэгарычна супраць інтэрв'ю, фатаграфій, удзелу ў прэзентацыях і сустрэчах з чытачамі, - расказвае Анатоль Атнагулаў. - Лягчэй за ўсё рэкламаваць кнігі і пісьменнікаў у інтэрнэце. Але не ўсе чытачы ў Беларусі маюць свабодны доступ да сеціва. Асабліва актуальная гэтая праблема ў глыбінцы.
Наша выдавецтва, напрыклад, прапаноўвае пунктам продажу і бібліятэкам спадарожнае афармленне да новай кнігі ў выглядзе плакатаў, календароў. У тых крамах, дзе дазваляюць плошчы, выстаўляюцца рол-апы і буйныя рэкламныя канструкцыі.
А вось СМІ часта разглядаюць прапанову апублікаваць навіну пра кнігу або звесткі пра аўтара як рэкламны матэрыял і выстаўляюць рахунак. У цану кнігі выдаткі на прасоўванне закладзеныя, але пры невялікіх накладах мастацкай літаратуры бюджэт на прасоўванне не бясконцы, а завышаць цану кнігі мы б не хацелі, бо наш праект па выпуску мастацкай літаратуры разлічаны на масавага чытача.