У Польшчы прайшоў літаратурны семінар “Бязмежжа”
8 лістапада 2010
Падчас свайго візіту на Падляшша ўдзельнікі семінару наведалі Беларускі ліцэй у Бельску Падляшскім, сустрэліся з выдаўцамі беларускай літаратуры на Падляшшы, з даследчыкамі і гісторыкамі, абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія літаратары па той і гэты бок беларуска-польскай мяжы, наведалі галерэю імя Тамары Саланевіч у Нараўцы, а таксама Беларускі музей ў Гайнаўцы.
Па словах арганізатара семінару, рэдактара тыднёвіка "Ніва" Яўгена Вапы, праграма сёлетняга мерапрыемства выканана цалкам, і ўжо ёсць планы на будучыню:
– Здзейсніліся ўсе планы, звязаныя з выдавецкай дзейнасцю, і гэта самае галоўнае, усё, што запланавалі разам з Барысам Пятровічам, сёлета прайшло выдатна і я з гэтага проста цешуся. У наступным годзе хочацца яшчэ дзве-тры такія кніжкі паказаць, асабліва апошнім часам мы бачым Міру Лукшу, яна ёсць паэткай, выдадзім яе зборнік. Каб у наступных нумарах "Дзеяслова" было больш нашых беластоцкіх пісьменнікаў.
Падчас сёлетняга “Бязмежжа” былі прэзентаваныя новыя выданні як з Беларусі так і з Падляшша, між іншым – кнігі Міхася Андрасюка, адна выдадзеная ў Польшчы па-польску, другая – у Беларусі па-беларуску, а таксама найноўшая кніга Ганны Кандрацюк-Свярубскай "Дзядоўскае турнэ з Анатолем С." А таксама для польскіх літаратараў прайшла прэзентацыя чаасопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет".