№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наталка Бабіна пра "Рыбін горад" па-польску: "Пераклад лепшы за арыгінал"

17 лістапада 2010

Наталка Бабіна пра
Па вяртанні на радзіму Наталка Бабіна падзялілася ўражаннямі ад сустрэчаў з польскімі чытачамі.

Міхась Скобла: "Наталка, памятаю, два гады таму, адразу па выхадзе вашага раману "Рыбін горад" у Менску, я атрымаў ліст ад аднаго свайго знаёмага, рэдактара незалежнай газеты. Ён пісаў, што раман чакае поспех за мяжой, што яго абавязкова перакладуць на польскую ды іншыя мовы. І – словы яго пачынаюць спраўджвацца. Як успрынялі "Рыбін горад" польскія чытачы?"

Наталка Бабіна: "Не мне вам гаварыць, вы самі добра ведаеце тое пачуццё, якое ўзнікае, калі выходзіць твая кніжка. Калі яна выходзіць у тваёй краіне – гэта выдатна, а калі яна выходзіць па-за межамі краіны – гэта яшчэ больш узмацняе тваю радасць, таму што ты напісаў нешта такое, што можа быць цікавым і замежнаму чытачу. Я вельмі задаволеная рэакцыяй польскіх чытачоў, крытыкаў, журналістаў. Кніга (па-польску яе назва гучыць “Miasto ryb”) выйшла ў адным з самых вялікіх польскіх камэрцыйных выдавецтваў “Рэбес” у Познані. Каб вы мелі ўяўленне пра маштабы гэтага выдавецтва, я зазначу, што яно выдае 250 кніжак у год! Скажу шчыра, я вельмі хвалявалася, ці змагу я быць цікавай для чытачоў, ці яны мяне зразумеюць, ці я зразумею іх. Адбыліся тры сустрэчы – дзве са студэнтамі, у Варшаўскім і Ягелонскім унівэрсытэтах, і адна – у кавярні-кнігарні ў Варшаве. У кожным выпадку, калі я заходзіла ў памяшканне і бачыла твары і вочы людзей, маё хваляванне некуды прападала, было бачна, што мы паразумеемся. Так яно і сталася, як мне падаецца".

Скобла: "Колькі сотняў аўтографаў вы пакінулі ў Польшчы?"

Бабіна: "Я іх не лічыла, але працы па падпісванні кніг хапала. Гэта прыемная праца, але яшчэ больш прыемна, калі ты бачыш, што змог закрануць нейкія душэўныя струны ў чытача. Неўзабаве адбудзецца яшчэ адна мая паездка ў Польшчу, гэтым разам па памежжы, што для мяне таксама вельмі важна, бо тэмы "Рыбінага гораду" – памежжа, шматкультурнасьць, шматмоўнасьць. Яны мне вельмі блізкія, і адной з маіх мэтаў было паказаць менавіта гэтыя рэаліі. Паездка будзе па памежжы Польшчы – сустрэчы з чытачамі адбудуцца ў Любліне, Беластоку і Ольштыне".

Скобла: "Рыбін горад" – раман паліфанічны, у дыялогах герояў гучаць, апрача беларускай, расейская і ўкраінская мова. Як выйшла з гэтай сітуацыі перакладчыца, і ўвогуле, ці задаволеныя вы перакладам?"

Бабіна: "Я больш чым задаволеная перакладам. Мне вельмі пашанцавала, што мой раман трапіў у рукі выдатнай польскай перакладчыцы, адной з нямногіх, хто перакладае з беларускай на польскую, – пані Малгажаты Бухалік. Калі мы з ёй пачалі кантактаваць, часцей па скайпе, толькі аднойчы нам удалося сустрэцца, я зразумела, што пераклад будзе лепшы за арыгінал. Так яно і адбылося, наколькі я магу меркаваць. Пані Бухалік ўдалося пераадолець самую галоўную перашкоду для перакладчыка – зламаць культурныя коды і перакласці стыль на стыль, зрабіць так, каб польскі чытач успрымаў беларускі тэкст як свой. А што да паліфаніі тэксту, то перакладчыца пэўныя дыялогі ці радкі з народных песняў пакінула на той мове, на якой гэта было ў кніжцы, толькі запісала польскімі літарамі. І гэта дае магчымасьць чытачу на аўдыёўзроўні адчуць тую паліфанічнасць".

Скобла: "Падзеі ў вашым рамане адбываюцца на палітычным тле. Прычым, вельмі дакладна апісваецца сытуацыя перад выбарамі прэзідэнта – прыкладна тая, якая і сёння назіраецца ў Беларусі. Наколькі шараговым палякам цікавыя палітычныя падзеі ў нашай краіне?"

Бабіна: "Палітычны бок раману, які ў Беларусі меў ці не найбольшы розгалас, у Польшчы застаўся неяк збоку. Мне часцей задавалі пытанні, датычныя вечных рэчаў: адносна зямлі, адносна маіх землякоў, адносна майго стаўлення да жыцця. Палітыка закраналася, але не дамінавала. На гэты конт вельмі добра выказалася Малгажата Бухалік. Яна сказала, што ў ангельскіх кніжках на кожнай другой старонцы ідзе дождж, а ў беларускіх – на кожнай другой старонцы павінна быць палітыка, але ставіцца да яе трэба, як да дажджу".

Скобла: "Сёння Польшча знаходзіцца ў Еўразвязе. Віза туды каштуе немалыя грошы. Героі вашага раману знаходзяць выйсце – пракопваюць падземны тунэль у Польшчу. Вобразна кажучы, ці доўга яшчэ беларусам рабіць такія падземныя вылазкі ў аб'яднаную Еўропу?"

Бабіна: "Гэта пытанне не да мяне. Як хутка настане той час, калі гэтых тунэляў стане столькі, што межы абваляцца і рухнуць – гэта пытанне да ўсяго нашага грамадства. Кантакты паміж Беларуссю і Польшчай вельмі шырокія. Беларусы і палякі ўзаемна выходзяць замуж і жэняцца, ёсць супольныя бізнэс-праекты, грамадскія і культурныя ініцыятывы. Так што "тунэлі" актыўна капаюцца паміж нашымі краінамі".

Скобла: "Паводле вашых назіранняў, хто больш абазнаны ў літаратуры суседзяў: беларусы ў польскай, ці палякі ў беларускай?"

Бабіна: "Вядома ж, беларусы ведаюць польскую літаратуру лепей, калі браць слой людзей, якія ўвогуле цікавяцца літаратурай. Што да ведання ў Польшчы беларускай літаратуры, то я прывяду такі прыклад. На ўсіх сустрэчах з чытачамі я прасіла падняць руку тых, хто чытаў Уладзіміра Караткевіча. І што вы думаеце? З 50-70 чалавек узнімаліся 2-3 рукі. У Польшчы ніколі не выходзілі кнігі Караткевіча! Як вам такое? Як у такіх умовах можна гаварыць пра веданне палякамі беларускай літаратуры? Вядома, апошнім часам у Польшчы выходзяць беларускія кніжкі, але пераважна творы сучасных пісьменнікаў. А беларуская класіка там невядомая. Караткевіч – гэта наша ўсё. Калі паляк не чытаў Караткевіча, то ён не ўспрыме беларускага духу ўвогуле. Вось такая існуе праблема".

Скобла: "Калі палякі да гэтай пары не даўмеліся, не адважыліся выдаць Уладзіміра Караткевіча, як жа яны адважыліся выдаць ваш раман?"

Бабіна: "Пачалося ўсё з таго, што Малгажата Бухалік ўзяла на сябе ролю аўтарскага агента і разаслала па выдавецтвах аўтарскую прапанову. І дырэктар выдавецтва “Рэбес” пан Томаш Шпондэр, калі мы з ім размаўлялі ўжо на Кракаўскім кніжным кірмашы, прызнаўся, што, атрымаўшы і прачытаўшы некалькі старонак тэксту, ён зразумеў – трэба выдаваць. Ягонае выдавецтва працуе вельмі інтэнсіўна. Працуе так, што аж свішча. 250 кніг у год выдаюць усяго 35 супрацоўнікаў. Усё так зладжана, што за ўвесь час, пакуль я там была, не адбылося ніводнай накладкі, ніводнага спазнення, ніводнага непаразумення. Усё кацілася, як па масле".

Скобла: "Ці былі рэцэнзіі на вашу кнігу ў польскім друку?"

Бабіна: "Так, прычым мяне вельмі ўразіў прафэсіяналізм тых журналістаў, якія да мяне прыходзілі. Ніводзін з іх не дазволіў сабе выехаць на агульных ведах, як гэта часьцяком бывае. Усе прачыталі кніжку, угрызліся ў яе і задавалі такія пытанні, што мяне гэта проста ўразіла. Карэспандэнтка такога інтэлектуальнага часопісу “Блюшч” так ужо мяне дратавала пытаннямі, што я проста папрасіла, каб яна напісала мне мэйл. Над яе пытаннямі трэба пасядзець грунтоўна і пакапацца ў сабе і ў сваіх ведах".

Скобла: "Раней беларускія кнігі ішлі да замежнага чытача праз мову расейскую – і Быкаў, і Караткевіч… Сёння расейская мова як пасярэднік – не патрэбная? Яе ролю можа выканаць польская ці нейкая іншая?"

Бабіна: "Сапраўды, мінуліся тыя часы, калі расейская мова была для нас мовай-пасярэдніцай. Усё больш з’яўляецца перакладчыкаў, якія цікавяцца нашай літаратурай і маюць магчымасьць перакладаць адразу з беларускай мовы. Гэта па-першае. Па другое, мы цяпер сталі разварочвацца на захад, і магчыма, што на пэўным этапе польская мова будзе насамрэч выконваць пасярэдніцкія функцыі. Але хочацца, каб найхутчэй насталі такія часы, калі для беларускай літаратуры, для беларускай мовы наогул не спатрэбяцца аніякае пасярэдніцтва. Бо пасярэднік, які б добрым ён ні быў, – гэта ўсё ж такі пасярэднік. Будзем спадзявацца, што ў свеце будзе большаць колькасць дасведчаных і зацікаўленых перакладчыкаў з беларускай".
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

852