Памерла Бэла Ахмадуліна
29 лістапада 2010
Бэла Ахмадуліна нарадзілася ў 1937 годзе. У 1960 годзе яна скончыла Літаратурны інстытут, а першы яе зборнік ("Струна") быў апублікаваны ў 1962 годзе. Наступны яе зборнік – "Озноб" – выйшаў не ў Савецкім Саюзе, а ў Франкфурце.
Ахмадуліна належала да пакалення "шасцідзясятнікаў", зрабіўшыся адным з самых яркіх яго прадстаўнікоў. Разам з ёй у ліку самых вядомых пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў звычайна называюць імёны Яўгенія Еўтушэнкі, Андрэя Вазнясенскага, Роберта Раждзественскага, Рымы Казаковай, Андрэя Бітава, Васіля Аксёнава і іншых.
Ахмадуліна ўдзельнічала (гэтак жа, як і Яўгеній Папоў) у стварэнні літаратурнага альманаха "Метрополь", які выйшаў ў 1979 годзе самвыдатаўскім спосабам у 12 асобніках. У альманаху бралі ўдзел пісьменнікі, якія практычна не дапускаліся да афіцыйнага друку. "Метрополь" адразу зрабіўся вядомым у асяроддзі савецкай творчай інтэлігенцыі і быў перадрукаваны на Захадзе.
У 1993 годзе Ахмадуліна падпісала "ліст сарака двух", у якім вядомыя літаратары патрабавалі забараніць "усе віды камуністычных і нацыяналістычных партый, франтоў і аб'яднанняў".
Першым мужам Ахмадулінай быў паэт Яўгеній Еўтушэнка, другім – пісьменнік Юрый Нагібін, трэцім – мастак і сцэнограф Барыс Месерэр.
Б. Ахмадуліна – сябра Саюза расійскіх пісьменнікаў, выканкама Рускага ПЭН-цэнтра і шэрагу іншых арганізацый. Яна ўзнагароджаная некалькімі ордэнамі, у прыватнасці, "За заслугі перад Айчынай II ступені" і "За заслугі перад Айчынай III ступені". У 2004 годзе Бэла Ахмадуліна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва.