Вечарына, прысвечаная Ігнату Яцкоўскаму
27 студзеня 2011

Спадар Хаўстовіч якраз і скіроўвае сваю навуковую энергію на дэміфалагізацыю літаратурных старонак таго часу. А кніга Ігната Яцкоўскага “Аповесць з майго жыцця, альбо Літоўскія прыгоды” вельмі паспрыяла такой працы. Асабліва што да высвятлення аўтарства знакамітага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы”. Паводле Яцкоўскага, гэты верш напісаў ён, а не Паўлюк Багрым.
Як успрымаць разбурэнне рамантычнай легенды пра крошынскага хлапца, якога акупанты забралі ў расійскія рэкруты? Гаворыць доктар філалогіі Міхась Тычына:
”Пакуль абсалютных, стопрацэнтных доказаў не існуе, датуль, мусіць, няхай існуюць дзве версіі. І чытач няшмат страціць, а наадварот, нешта набудзе ад таго, што яны існуюць, што жыццё дзевятнаццатага стагоддзя багатае, таямнічае, загадкавае”.
Высветліць некаторыя з гэтых загадак можа будзе, паслухаўшы спадара Хаўстовіча, які адмыслова прыязджае на прэзентацыю з Варшавы. Можна будзе і падыскутаваць з ім, да прыкладу, на тэму, ці быў аўтарам “Пінскай шляхты” Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Спадар Хаўстовіч схільны адказваць на гэтае пытанне адмоўна. Тым, хто прыйдзе на імпрэзу, магчыма, пашчасціць пераканаць шаноўнага прафесара ў адваротным ці прапанаваць сваю версію. Міхась Тычына працягвае:
”Чым больш версіяў, тым лепш. Тым лепш мы будзем ведаць літаратуру дзевятнаццатага стагоддзя, уяўляць яе прастору населенай, вельмі шматлюднай, шматмоўнай, багатай на літаратурна-творчае жыццё”.
Пачатак вечарыны, прысвечанай Ігнату Яцкоўскаму, – а 17-й гадзіне.