Па "Пункцірах" Разанава паставяць спектакль
17 лютага 2011
У спектаклі два акторы – сама Галіна Дзягілева і Уладзімір Рагаўцоў. Яны чытаюць пункціры і версэты Алеся Разанава пад музыку барока. Для спектаклю яе падабралі і адаптавалі піяністка Наталля Сазановіч і цымбалістка Таццяна Шумакова. Іх дуэт робіцца трэцяй дзейнай асобай гэтай паэтычна-музычнай п’есы.
На рэпетыцыі прысутнічаў і за дзеяннем актораў і музыкаў на сцэне ўважліва сачыў аўтар тэатралізаваных твораў. Убачанае і пачутае Алесь Разанаў ухваліў:
“Яны агучылі, паднялі, вынеслі на сцэну тэксты, якія я сам амаль што не чытаў уголас. І для мяне гэта першае ўражанне, што яны – гучаць”.
Тэатралізаваць, упрыгожваючы, так бы мовіць, складаныя філасофскія вершы знанага паэта – справа даволі рызыкоўная. За вонкавымі эфектамі можа згубіцца сутнасць твораў, якая і пры чытанні на самоце не заўсёды спасцігаецца чытачом з першага разу. Алесь Разанаў тэатралізацыю ацаніў належна.
“Гавораць, палітыка – гэта мастацтва магчымага. Але само мастацтва робіць замах на немагчымае. І вось водгукі гэтага немагчымага я чуў, яны прысутнічалі, яны ўвідавочніваліся”.
Пачатак прэм’еры “Пункціраў” у Малой зале імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілярмоніі сёння а 19-й.