У кнігарні “логвінаЎ” Віталь Рыжкоў падпіша сваю новую кнігу
11 сакавіка 2011
– Першая кніга асабіста для мяне ўсё-ткі мае найперш справаздачную функцыю. Вершаў, што не агучваліся ці агучваліся рэдка падчас выступаў, у ёй вобмаль. Таму ўсе сюрпрызы чакаюць найперш уяўную новую чытацкую аўдыторыю, якая не наведвае паэтычныя мерапрыемствы, а кніга магла б яе адшукаць, я спадзяюся.
– Акрамя вершаў у кнізе змешчаныя і твае пераклады. Што гэта за аўтары? Як ты прыйшоў да іх?
– Гэта Ўістан Х’ю Одэн, Рышард Крыніцкі, Сяргій Жадан, Гага Нахуцрышвілі, Тэйлар Мэлі і Майкл Сэлінджэр. Аўтары надзвычай розныя, і мае дарогі да іх і матывы перакладу – таксама. Тэйлар Мэлі і Майкл Сэлінджэр перакладаліся з цікавасці да з'явы амерыканскай слэм-паэзіі як тэксту; Сяргій Жадан, да якога далучыліся потым Гага Нахуцрышвілі і Рышард Крыніцкі, – з пачуцця белай зайздрасці, што такія аўтары і іх тэксты ёсць у сваіх краінах і мовах, з жадання хоць нейкім чынам упісаць іх паэтыку ў беларускую мову; а Ўістан Х’ю Одэн – да якога, як і большасць, я прыйшоў праз чытанне Бродскага, – гэта такая спроба зразумець, як гэта працуе, паспрабаваць свае сілы.
– Афармленне зборніка даволі арыгінальнае як для нашай кніжна-выдавецкай справы. Раскажы, калі ласка, крыху пра вокладку кнігі і ілюстрацыі да яе.
– Ілюстрацыі да вокладкі падгледжаныя ў блогу амерыканскага ілюстратара кніг Біла Кармана. Вельмі прыемна, што аўтар лёгка даў дазвол на іх выкарыстанне. А арыгінальнасць вокладкі абумоўленая ўсё ж функцыянальнымі патрабаваннямі кнігі, бо ў ёй змяшчаецца яшчэ і аўдыёдыск. З гэтай прычыны кніга мае дзве вокладкі ў адной – для ўсёй кнігі і для аўдыёкнігі асобна.
Адрас кнігарні “логвінаЎ”: пр-т Незалежнасці, 37А, Мінск.