Падчас “кніжнай ночы” ў Брытаніі раздалі мільён кніг
15 сакавіка 2011
Паводле задумы, прадстаўнікі кніжнай галіны краіны яшчэ ўвосень абралі сотню кніг, да якіх, на іх думку, варта было б прыцягнуць увагу чытачоў. Пасля гэтага адмысловы камітэт, у які ўваходзілі прадстаўнікі кніжнай галіны, бібліятэкары і літаратары (напрыклад, адзначыўся Стывен Фрай), адабралі 25 кніг для канчатковага спісу. У яго ўвайшлі творы такіх аўтараў, як Рэмарк, Маркес, Маргарэт Этвуд, Джон ле Карэ і інш. Са снежня на сайце WBN рэгістраваліся ахвотнікі стаць валанцёрамі праекту – такіх патрабавалася 20 тысяч. Для акцыі было вылучана 40 тысяч асобнікаў кожнай з кніг, і валанцёр атрымліваў 48 асобнікаў, якія ён мог раздаць каму хацеў. Пакінутыя копіі збіраліся размяркоўваць арганізатары мерапрыемства, галоўным чынам па лякарнях і турмах.
СМІ з энтузіязмам паставіліся да новай ініцыятывы і некалькі месяцаў падрабязна асвятлялі падрыхтоўку. “Ноч кнігі” паспела сабраць цэлую плеяду “зорных” заступнікаў, сярод якіх – Том Стопард, Джоан Роўлінг, Філіп Пулман, Шэймас Хіні і інш. Некаторыя прадстаўнікі кніжнай галіны адзначылі, што ва ўмовах эканамічнага спаду даволі неразумна займацца такога кшталту дабрачыннасцю. Зрэшты, мерапрыемству ўсё ж была забяспечаная падтрымка большасці выдаўцоў, кнігагандляроў і галіновых аб'яднанняў.
Як паведамляе часопіс The Bookseller, “Ноч кнігі” змагла заахвоціць кніжны гандаль, забяспечыўшы продажы дадатковых 70 тысяч асобнікаў 25 кніг з вышэйзгаданага спісу на суму 425 тысяч фунтаў. Паводле дадзеных сэрвісу Nielsen BookScan, сярэднія продажы гэтых кніг выраслі на 81% на працягу апошніх двух тыдняў (з пачатку да сярэдзіны сакавіка) і на 121% – за апошні месяц. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году продажы выраслі ў сярэднім на 185%.
Джэймі Бінг спадзяецца, што праект будзе пашырацца, і, магчыма, у дзясятках іншых краін у найбліжэйшы час будуць праведзеныя аналагічныя мерапрыемствы.