Працоўны дом з “Олівера Твіста” ўратаваны ад зносу
17 сакавіка 2011
Закінуты геаргіянскі будынак на Клевелэнд-стрыт, вядомы ў часы Дыкенса як працоўны дом Странд-Юніян, атрымаў ад Міністэрства культуры, сувязі і спорту статус забароненай для зносу пабудовы.
На гэтае рашэнне паўплывала арганізацыя “Ангельская спадчына”, зазначыўшы, што будынак каштоўны не столькі сваім архітэктурным абліччам, колькі гістарычнай і літаратурнай вядомасцю. Такім чынам, цяпер будынку не пагражае, што яго знясуць і на яго месцы пабудуць жылы дом. Гэта адзін з трох ацалелых у Лондане працоўных дамоў і адзіны, які ўсё яшчэ дзейнічаў у 1830-х гадах (акурат тады, калі Дыкенс пісаў раман “Олівер Твіст”). Гэта дазваляе з вялікай дакладнасцю казаць, што менавіта з яго пісьменнік “спісваў” працоўню ў рамане. Сам Дыкенс жыў у падлеткавым узросце зусім недалёка – метраў за 100 – ад гэтай пабудовы, а раман пісаў у час побыту на Дафці-стрыт, менш чым за кіламетр ад працоўні. Аднак у рамане працоўны дом знаходзіцца ў Мадфогу, гарадку за 75 км ад Лондана.
Выдавец Пол Шліке паведаміў радыё ВВС: “На маю думку, нельга нават уявіць, што Дыкенс апісаў нейкую іншую працоўню, жывучы так блізка ад гэтай. Ён увесь час бачыў яе, чуў пра яе, бачыў бедакоў, што туды ўваходзілі, і вартаўнікоў, што выходзілі. Менавіта гэты працоўны дом ён ведаў лепш за ўсё”.
Дом быў пабудаваны ў 1775 годзе як працоўня прыходу царквы св. Паўла ў Ковент-Гардэн, а ў 1830-х гадах трапіў пад юрысдыкцыю “новага закону аб бедняках” і пачаў “абслугоўваць” некалькі бедных цэнтральных лонданскіх прыходаў – менавіта гэтае новаўвядзенне больш за ўсё выклікала гнеў Дыкенса.
Умовы ўтрымання ў гэтым працоўным доме былі надзвычай жорсткімі і праз пэўны час былі рэфармаваныя Луізай Твінінг і Джозэфам Роджэрсам. Над дзвярыма працоўні змяшчаліся словы: “Пазбягай ляноты і нястрыманасці”. З 1920-х гадоў будынак служыў амбулаторным аддзяленнем мідлсэкскай лякарні.
Рашэнне Міністэрства мае пад сабой тое, што будынак наўрад ці будзе перабудоўвацца, аднак у “Ангельскай спадчыне” зазначаюць, што, паколькі фасад захаваўся, магчыма, з часам інтэр’ер будзе рэканструяваны пад жылыя памяшканні.