У гэтым сэнсе канцэрт, які пройдзе 17 сакавіка ў камернай зале імя Л. П. Александроўскай у межах XX фестывалю “Адраджэнне беларускай капэлы”, – унікальны. Перш за ўсё таму, што гэта канцэрт-прэзентацыя кнігі перакладаў вершаваных тэкстаў вакальных цыклаў нямецкіх кампазітараў XVIII – XX стагоддзяў вядомага беларускага паэта і перакладчыка Васіля Сёмухі, які ажыццявіў шматлікія пераклады нямецкай, польскай, латышскай паэзіі і прозы розных эпох і стыляў; дзякуючы яму ў гісторыі нацыянальнай культуры з'явіліся Біблія, “Фаўст” Ё. В. Гётэ на беларускай мове.
Упершыню ў гісторыі беларускай музыкі перліны сусветнай камернай класікі – фрагменты вакальных цыклаў Ф. Шуберта, Р. Шумана, Ё. Брамса, Р. Вагнэра, Г. Малера –прагучаць па-беларуску ў выкананні яркіх маладых салістаў тэатра – лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў і фестываляў Алены Золавай і Юрыя Гарадзецкага, Наталлі Акінінай і Алены Бундзелевай, Уладзіміра Громава і Янаша Нялепы, а таксама гасцей канцэрту – лаўрэата міжнароднага конкурсу Рыгора Палішчука і салісткі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, лаўрэата міжнароднага конкурсу Лесі Лют.
У канцэрце возьме ўдзел актор Беларускага радыё Алег Вінярскі. Партыя фартэпіяна – лаўрэат міжнародных конкурсаў Таццяна Лойша, лаўрэат міжнароднага конкурсу Таццяна Молакава, Анастасія Луцэнка, Маргарыта Гапонік, Наталля Елісеева.
Званы старое Казкі
Прапануем
вашай увазе пераклады вершаваных тэкстаў вакальных цыклаў
нямецкіх кампазітараў, зробленыя Васілём Сёмухам.
На музыку Антонія Генрыка Радзівіла
(1775 – 1833)
Фрыдрых Шылер
(1759 – 1805)
Да Эмы
Сам, у мгліста-шэрым змроку
Знікла шчасце, адплыло.
Толькі любаснае воку
Цьміцца зорачкі святло,
Цьміцца зорачкі святло.
Але бляск яе згары –
Быццам знак начной зары,
Але бляск яе згары –
Быццам знак начной зары.
Каб ты золак не праспала,
Смерць замкнула зрок табе
І ў мой сум цябе схавала,
Каб жыла ты ува мне,
Каб жыла ты ува мне.
Там жыве душа твая,
Тут адзін у смутку я,
Там жыве душа твая,
Тут адзін у смутку я.
Хіба тая, што кахала,
Можа знікнуць і не быць?
А што знікла, што прапала,
Ці ж каханнем можа быць?
Ці ж каханнем можа быць?
Ці ж яе нябесны пал
Быццам жар зямны, прапаў?
Ці ж яе нябесны пал
Быццам жар зямны, прапаў?
Невядомы
***
Сярод балотнай асакі
Квет незабудкі трапяткі
Самотна падрастаў;
А на грудку Аўрорын квет,
Квет ружы цешыў белы свет –
Раскошна красаваў.
Глядзі, якое я красы!
Мяне княгіня ў валасы
Як дыямант, бярэ.
А ты, няўдалы, ў цішыні
Ў цяні свае марнуеш дні
Сярод балот памрэш.
Твая калючая краса, –
Квет незабудкі адказаў, –
Шмат радасці дае.
Калі ж кранецца асцюка
Неасцярожная рука –
Сустрэне боль яе.
На музыку Франца Шуберта
(1797 – 1828)
Хрысціян Фрыдрых Даніэль Шубарт
(1739 – 1791)
Фарэль
У светлай плыні рэзва
Стралой мінула мель
Вясёлая гарэза,
Гуллівая фарэль.
А я, стаіўшы сэрца,
Не мог падняць руку –
Глядзеў, як рыбка ўецца
У чыстым ручайку.
Глядзеў, як рыбка ўецца
У чыстым ручайку.
Рыбак непадалёку
На беразе стаяў
І раўнадушным вокам
На рыбку паглядаў.
“Пакуль цурчыць празрыста, –
Падумаў я, – ручай,
Датуль ты ў плыні чыстай
Фарэльку не чапай.
Датуль ты ў плыні чыстай
Фарэльку не чапай.
Аж вось таму зладзею
Ля ручая
Пара: ваду ён муціць глеем –
Вось тут і ахнуў я:
Бо вуда затрымцела,
І рыбка – на кручку,
А я дрыжу ўсім целам,
А я стаю ўбаку.
А я дрыжу ўсім целам,
А я стаю ўбаку.
Фрыдрых Рукерт
(1766 – 1866)
Ты – мой спакой
Ты – мой спакой,
ты – мой кумір,
Ты – мой анёл,
душэўны мір.
Я аддаю
радасць і боль,
Палкасць маю
вызнаць дазволь.
Вызнаць дазволь.
Любасны мой,
спакой вярні.
І за сабой
замкі замкні.
Смутак тушы;
сэрца парыў,
Радасць душы
мне падары,
Мне падары.
Вочак cвятло,
гары, свяці,
Сэрца цяплом
мне асвяці,
мне асвяці!
Вочак cвятло,
гары, свяці,
Сэрца цяплом
мне асвяці,
мне асвяці!
Леапольд, граф цу Штольберг
(1750 – 1819)
Спеў на водах
(Баркарола)
Як жа ў мігценні люстранае хвалі
Плаўна, як лебедзь, лунае чаўнок.
Ах, па раскошы пяшчотнае хвалі
Там адплывае душа, як чаўнок,
Ах, па раскошы пяшчотнае хвалі
Там адплывае душа, як чаўнок,
І з паднябесся на зыбістай хвалі
Затанцавала зара, як чаўнок,
Затанцавала зара, як чаўнок.
Па-над зубцамі заходняга гаю
Ветла лунае пунсовасць зары,
І сярод голля усходняга гаю
Аер калыша пунсовасць зары,
І сярод голля усходняга гаю
Аер калыша пунсовасць зары.
Радасць нябёсаў і сцішанасць гаю
Тут удыхае душа у зары,
Тут удыхае душа у зары.
Ах, на туманам аброшаных крылах
З хвалямі ўжо адплывае мой час.
Сёння і ўчора на мроістых крылах,
Сёння і заўтра сплывае мой час,
Сёння і ўчора на мроістых крылах,
Сёння і заўтра сплывае мой час.
Аж покуль сам я на вечнасці крылах
Не праплыву гэты зменлівы час,
Не праплыву гэты зменлівы час.
Франц фон Шобер
(1796 – 1882)
Да музыкі
О дух красы, як часта ў час гароты,
Калі жыццё змыкала кола бед,
Успалымняў мяне агнём пяшчоты,
І мне рабіўся зноў мілейшым свет,
Рабіўся зноў мілейшым свет.
Як часта слёзы засцілалі вочы
Пад пералівы арфы незямной,
І муза ў неба несла сілай творчай –
Мастацтва дух, як я удзячны ёй,
Той сіле музыкі святой!
Вальтэр Скот
(1771 – 1832)
Ave Marіa
(Гімн Прачыстай Дзеве з “Азёрнай паненкі”)
Ave Marіa! Сэрцам дай
Спагады дзеве ў дзікіх скалах,
Мальба пачута будзе хай
З прыхільным помыслам ласкава.
Спачні, зняможанае цела,
Ад лютай жорсткасці людской.
Прачыста! Сэрцам просіць дзева –
Пачуй, о Маці, клопат мой!
Ave Marіa!
Ave Marіa! Ты – нам шчыт!
Калі наш сон табой акрыты,
Здаецца мяккім і граніт
У гэтых скалах неабжытых.
Твая усмешка і аблічча –
Як ружы ў скальнай пустаце.
Цябе, о Маці, дзева кліча!
О Маці, пашкадуй дзяцей!
Ave Marіa!
Ave Marіa! Чысціня!
Твае злых духаў гоняць вочы,
Тут дэманы баяцца дня,
А ты бароніш нас і ўночы.
Мы хочам лёсу пакарыцца,
Бо мілажаль над намі твой.
Дазволь дзіцяці памаліцца
За бацьку, за яго спакой.
Ave Marіa!
пераклады Васіля Сёмухі