Названыя лаўрэаты “арабскага Букера” – 2011
18 сакавіка 2011
Герой рамана “Арка і матылёк” Мухамеда Ачаары – мараканец, сын якога, як лічыць сям’я, вучыцца ў Парыжы. Нечакана бацька атрымлівае паведамленне ад тэрарыстычнай арганізацыі “Аль-Каіда” пра тое, што яго сын загінуў у Афганістане ў баі з заходнімі салдатамі. Раман расказвае, як трагічная навіна ўплывае на бацьку тэрарыста і на яго ўзаемадачыненні з жонкай. Як адзначае журы прэміі, раман паказвае, што ісламскі экстрэмізм прыносіць мусульманскай грамадзе не меншую шкоду, чым заходнім краінам. Сам Мухамед Ачаары – не толькі празаік, паэт і журналіст, але яшчэ і былы міністр культуры Марока.
Саудаўская пісьменніца Раджа Алем у сваім рамане “Пацеркі галубкі” паказвае, па словах журы, “сапраўдны твар Меккі”. “Пад покрывам святасці гэтага гораду схаваная іншая Мекка, дзе ўчыняецца мноства злачынстваў, дзе існуе карупцыя, прастытуцыя, а мафія будаўнічых падрадчыкаў у імя камерцыйнай выгады руйнуе гістарычныя раёны горада, а значыць, і яго душу”, – паведамляе журы.
Раманы Ачаары і Алем былі выбраныя з шорт-ліста, куды ўваходзілі таксама творы двух егіпецкіх пісьменнікаў – “Усходні танец” Халеда аль-Беры і “Бруклінскія вярхушкі” Мірала аль-Тахавы, а таксама раманы мараканца Бансалема Хіміха “Мой кат” і суданца Аміра Тай аль-Сіра “Лавец лічынак”.
Цяпер раманы – лаўрэаты “арабскага Буккера” перакладаюцца на ангельскую. Найбліжэйшым часам яны выйдуць за межамі арабскага свету. У гэтым годзе да прэміі была прыкаваная асаблівая ўвага: заходнія крытыкі і чытачы хочуць знайсці ў арабскамоўнай літаратуры адказы на пытанне пра прычыны цяперашняй рэвалюцыйнай хвалі ў арабскіх краінах.