“Ціхі Дон” упершыню надрукуюць без купюраў
22 сакавіка 2011
Рукапіс, які доўгі час лічылі страчаным, але знайшлі ў 1990-х, падрыхтавала да выпуску расійскае выдавецтва, а надрукаваць вырашана было ў Харкаве, дзе ў 1932 годзе ўпершыню быў выдадзены “Ціхі Дон”.
Рускі пісьменнік Аляксандр Стручкоў разам са старэйшай дачкой Міхаіла Шолахава дзесяць гадоў працавалі над узнаўленнем тэксту — ён будзе значна адрознівацца ад выдання савецкіх часоў.
“Розніца складае некалькі тысяч словаў, — расказаў намеснік старшыні Харкаўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Леанід Мачулін. — Па-першае, былі шматлікія праўкі цэнзараў па ўсім тэксце, па-другое, у савецкім выданні быў выкінуты цэлы раздзел — дваццаць чацверты, у якім Шолахаў апісваў Вешанскае паўстанне”.
У перспектыве кнігу плануюць выпусціць вялікім накладам і распаўсюдзіць не толькі на тэрыторыі Расіі, Украіны і Беларусі, але і за межамі постсавецкай прасторы.