№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Выйшаў двухтомнік Адама Бабарэкі

23 сакавіка 2011

Выйшаў двухтомнік Адама Бабарэкі
Адам Бабарэка — літаратурны крытык, які за адно дзесяцігоддзе (1920-я) здолеў раскрыцца і знікнуць са старонак газет і часопісаў. Нягледзячы на багатую спадчыну, пры жыцці ў яго выйшла толькі адна кніга — зборнік апавяданняў. Зразумела, выдаваць яго пасля першага арышту ў 1930 годзе было немагчыма. У канцы 1950-х Бабарэку рэабілітавалі, але яго напрацоўкі так і заставаліся незапатрабаванымі. Адзін з укладальнікаў і рэдактар двухтомніка Віктар Жыбуль адзначае, што яшчэ ў 1926 годзе мела выйсці кніга крытыкі. Але ў гэты час адбыўся раскол “Маладняка”, і частка літаратараў, у тым ліку Бабарэка, стварылі аб’яднанне “Узвышша”, і кніга, якая рыхтавалася “Маладняком”, выйсці не магла ўжо з ідэйных меркаванняў.

“Цягам 1920-х ствараліся штучныя ўмовы, каб кніжка ў Бабарэкі не выходзіла. Падразалі фінансаванне за кошт выдання кніжак іншых літаратараў. Не любілі Бабарэку канкурэнты, прадстаўнікі варожых “Узвышшу” суполак. І так атрымлівалася, што гэтыя людзі займалі пэўныя пасады. Да прыкладу, Цішка Гартны, найбольш актыўны апанент “Узвышша”, — адзначае Віктар Жыбуль.

У 1999 годзе асобным выданнем выйшлі лісты з турмы і высылкі Адама Бабарэкі да сям’і. Выдаў іх Мікалай Ількевіч.

Віктар Жыбуль сярод прычынаў, з якіх спадчына не выдавалася, называе і тое, што пра архіў крытыка, які знаходзіўся да нашых дзён у яго сям’і, мала хто ведаў. Ды і сямейнікі толькі адзінкавым даследчыкам дазвалялі зазірнуць у яго.

Калі ў высылцы Адама Бабарэку прыйшлі арыштоўваць другі раз, яго жонка Ганна паклала спаць дачку Алесю на канапу, у якой захоўвалася частка рукапісаў мужа. Энкавэдысты тады сканфіскавалі лісты, рукапісы Бабарэкі, архіў “Узвышша”, але не сталі будзіць дзяўчынку.

У Беларусь архіў быў перавезены ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х. Цяпер ён захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

“У такім выглядзе, у якім дакументы захоўваліся, выдаць іх адразу было немагчыма, — заўважае Віктар Жыбуль. — Гэта стосы рукапісаў, часткова перамяшаныя. Мне давялося разблытваць гэты “літаратуразнаўчы пазл”. Да таго ж, Адам Бабарэка, асабліва калі спяшаўся, любіў скарачаць словы, дзесьці не дапісваў”.

У першы том увайшлі літаратурна-крытычныя працы. Большасць з іх публікуецца ўпершыню. Гэта дзясяткі крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў, працы, прысвечаныя творчасці Язэпа Пушчы, у тым ліку манаграфія “Супроць ветру”.

Другі том склалі проза, паэзія, філасофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзённікі, лісты.

“Вершы вялікай эстэтычнай вартасці не маюць: яны нясуць адбітак рэвалюцыйнага рамантызму. Поўныя захапленнем новым ладам, асуджэння панскай Польшчы. Але цікавыя ў кантэксце мастацкіх пошукаў Бабарэкі”, — заўважае Віктар Жыбуль.

Калі амаль уся проза і паэзія былі надрукаваныя яшчэ пры жыцці аўтара, то зусім невядомыя філасофскія працы Бабарэкі. Рэдактар двухтомніка лічыць Бабарэку вартым уключэння ў курс сучаснай беларускай філасофіі ў ВНУ.

Упершыню друкуюцца “Показания Адама Бабареко от 23 августа 1930 г.” — па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі. Арыгінал і сёння захоўваецца ў архіве КДБ. Па словах В. Жыбуля, у гэтым дакуменце найбольш поўная біяграфія Бабарэкі, запісаная інфармацыя, якой у іншых крыніцах няма.

Не ўсё са спадчыны літаратара ўвайшло ў двухтомнік. У газеце “Малады араты” Бабарэка друкаваў серыю мовазнаўчых урокаў. Віктар Жыбуль адзначае, што на іх натрапілі, калі праца над выданнем ішла да завяршэння. Тым больш што гэта “папулярны пераказ граматыкі Язэпа Лёсіка”. Таксама не паспелі ўключыць картатэку публікацый беларускіх аўтараў, складзеную Бабарэкам паводле перыёдыкі 1923 — 1929 гадоў.

Свядома ўкладальнікі не сталі ўключаць пераклады. Яны засталіся ў чарнавіках, “на іх Бабарэка практыкаваўся ў нямецкай мове. У працэсе перакладу рамана Рэмарка “На Захадзе нічога новага” ён расчараваўся ў аўтару і так не скончыў працы”. Пераклады не друкаваліся нідзе. В. Жыбуль кажа пра памылкі, дапушчаныя пры складанні даведніка “Беларускія пісьменнікі”. У бібліяграфію Бабарэкі ўключаны шэраг перакладаў, якіх ён не рабіў: раман Ёганэса Бэхера “Льюізін, альбо Адзіная справядлівая вайна”, некалькі твораў Марыі Кальтофен, апавяданне Франца Вайскопфа.

Па словах рэдактара выдання, часта літаратуразнаўцы пісалі, што творчая дзейнасць Бабарэкі была абмежаваная 1920-мі гадамі. Маўляў, пасля арышту і высылкі ён не пісаў. Выдадзены двухтомнік разбурае гэты міф. Бабарэка ніколі не прыпыняў творчай дзейнасці. Толькі пісаў у стол.

Замовіць кнігу можна тут.

Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах: Том 1. Літаратурна-крытычныя працы — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — 939 с., іл. Том 2. Проза, паэзія, філасофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзённікі, лісты. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — 726 с., іл.
паводле nn.by

Чытайце таксама

699