У Швецыі выйшла радыёпастаноўка паводле эсэ Б. Пятровіча
26 красавіка 2011

— Спадар Дзмітры, скажыце, калі ласка, каму належыць ідэя гэтага радыёспектаклю?
— Ідэя была мая. Калі недзе ў лютым, на сходзе літаратурнай часткі нашага радыётэатра абмяркоўвалася, што мы будзем рабіць у сувязі з дваццаціпяцігоддзем Чарнобылю, то першае, пра што ішла гаворка, — паўтарыць спектакль “Чарнобыльская малітва” па матывах кнігі Святланы Алексіевіч. Гэта вельмі добрая пастаноўка, але яна гучала ў эфіры ўжо шмат разоў, і таму паўстала пытанне, ці не варта зрабіць нешта новае, бо ўсё ж гэта значная дата. Я і сказаў, што вось ёсць такое эсэ, дзе аўтар апісвае свой уласны досвед першых тыдняў пасля катастрофы, дакумент, сведчанне. І ўсе пагадзіліся, што гэта гучыць цікава.
— Ці задумваўся пераклад ад пачатку як радыёпастаноўка, бо ў арыгінале гэты твор — эсэ?
— Так, пераклад рабіўся спецыяльна для пастаноўкі. То бок спачатку для таго, каб іншыя сябры літаратурнай часткі, загадчык і, вядома, мастацкая кіраўніца радыётэатра змаглі прачытаць тэкст і выпрацаваць да яго ўласнае стаўленне, каб прыняць рашэнне, ці ісці далей, рабіць пераапарцоўку, запускаць у вытворчасць.
— А наколькі цяжка было адаптаваць эсэ Барыса Пятровіча для радыёспектаклю?
— Не цяжка, звычайная драматургічная праца. Адно што хацелася захаваць голас апавядальніка, не перарабляць цалкам тэкст, а знайсці нейкі баланс паміж аповедам ад першай асобы і драматургічнымі сцэнамі, якія б гэты аповед ілюстравалі. Самае ж цяжкае было скараціць эсэ да неабходных для пастаноўкі памераў і захаваць пры гэтым галоўнае ў змесце і ў структуры. А ўжо напісаць некалькі дыялогаў ды сітуатыўных сцэн — гэта тэхнічная задача.
— З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся Вы падчас перакладу?
— Цяжкасцяў з уласна перакладам было няшмат, то бок яны ізноў жа звычайныя — назвы ўстановаў, пасадаў, транскрыпцыі...
— Ці ёсць нейкія водгукі на радыёспектакль у шведскай прэсе, чым гэтая тэма цікавая і блізкая шведам?
— Рэцэнзіі былі ў шведскай прэсе, як цэнтральнай, так і рэгіянальнай. Усе яны пазітыўныя, асабліва рэцэнзія вядомага крытыка Ларса Рынга ў адной з найбуйнейшых шведскіх газет — Svenska Dagbladet. Ён назваў рэцэнзію "Сугестыўны радыёаповед пра Чарнобыль". Рэцэнзенту рэгіянальнай газеты Arbetarbladet пастаноўка падалася залішне сухой, але тэкст — важным. І ўвогуле, я думаю, для слухача важны тут менавіта сам тэкст, напісаны чалавекам, які гэта перажыў, аповед з першых вуснаў. Наогул, Швецыя ж таксама пацярпела ад Чарнобылю, таму гэтая тэматыка шведам і цікавая, і блізкая. А што да рэцэнзій, дык прэм’ера адбылася толькі ўчора, можа, будуць яшчэ іншыя рэцэнзіі, не ведаю.
— Раскажыце пра іншыя літаратурна-мастацкія праекты, што адбываюцца ці адбыліся ў супрацоўніцтве паміж Швецыяй і Беларуссю.
— У пачатку красавіка прайшла прэм’ера радыёпастаноўкі паводле п’есы Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды “Спасцігаючы каханне”. Адначасова на тым жа Першым канале Шведскага радыё чытаўся кароткі раман Васіля Быкава “Афганец”, які ў шведскім перакладзе мае назву “Ветэран”. Таксама рыхтуюцца да выдання некалькі кніг беларускіх аўтараў: “Плошча” Барыса Пятровіча, “Горад Сонца” Артура Клінава, зборнік вершаў Андрэя Хадановіча. Чуў таксама пра планы выдання твораў Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Святланы Алексіевіч.
Паслухаць радыёпастаноўку па-шведску можна на сайце Шведскага радыё.
Пачытаць эсэ Барыса Пятровіча па-беларуску можна на старонцы часопіса “Дзеяслоў”.