Уручылі "Рускую прэмію" за 2011 год
29 красавіка 2011
Найлепшым паэтычным зборнікам журы “Рускай прэміі” прызнала кнігу “Прильпе земли душа моя. Сборник стихотворений 1956 — 2010 годов” Наталлі Гарбанеўскай з Польшчы. Другі прыз прысудзілі зборніку “Пакуль не сцямнела” Барыса Херсонскага (Украіна), трэці — кнізе “Яблычны джэм” Вольгі Дашкевіч з ЗША.
У намінацыі “"Малая проза” перамог Юрый Серабранскі, які жыве ў Казахстане, са сваёй аповесцю “Destination. Дарожная пастараль”. Другое месца заняла аповесць “Крызіс” Андрэя Іванова з Эстоніі, а трэцяе — зборнік апавяданняў “Палёт” Леаніда Левінзона (Ізраіль).
Апроч дыпломаў, лаўрэаты атрымалі грашовыя прызы: па 150 тысяч расійскіх рублёў за першае месца, па 60 тысяч — за другое і па 45 тысяч — за трэцяе.
Таксама быў уручаны адмысловы прыз “За ўнёсак у развіццё і захаванне традыцый рускай культуры за межамі Расійскай Федэрацыі”. Яго разам з грашовай прэміяй у 45 тысяч рублёў атрымалі жыхары Германіі Ларыса Шчыголь і Данііла Чконія, якія выдаюць часопіс “Зарубежные записки”, прысвечаны рускай літаратуры.
“Руская прэмія”, заснаваная ў 2005 годзе, уручаецца паэтам і празаікам, якія жывуць за межамі Расіі, але пішуць на рускай мове. У 2011 годзе заяўкі на конкурс паступілі з 42 краінаў свету.
Заснавальнікам конкурсу з'яўляецца Інстытут еўразійскіх даследаванняў.