Уручаная прэмія за папулярызацыю польскай літаратуры ў свеце
14 траўня 2011
Сёлета прэмію “Трансатлантык” атрымала чэшская перакладчыца Власта Дваржачкава, якая пераклала на чэшскую мову творы Чэслава Мілаша, Тадэвуша Ружэвіча, Віславы Шымборскай, Марыі Канапніцкай, Яна Анджэя Морштына, Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай і многіх іншых. На цырымонію ўганаравання быў запрошаны Тадэвуш Ружэвіч, добры сябра перакладчыцы, аднак ён, на жаль, з прычыны хваробы не змог прыехаць, а таму даслаў вітальны ліст, у якім сардэчна павіншаваў спадарыню Дваржачкаву. Дырэктар Інстытута кнігі Гжэгаж Гаўдэн, які вёў цырымонію ўзнагароджання, адзначыў, што падчас падліку моваў, на якія польская літаратура перакладзеная найбольш, чэшская і славацкая мовы апынуліся на другім месцы (на першым – руская, на трэцім, з вялікім адрывам, – нямецкая). Безумоўна, вялікі ўнёсак у гэта зрабіла сёлетняя лаўрэатка.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання польскія і літоўскія музыкі прадставілі араторыю “Centones meae urbi” Анутэ Нарбутайтэ, адной з самых вядомых сучасных літоўскіх кампазітарак. Араторыя прысвечаная Вільні, гораду многіх моваў і культураў; у араторыі гучаць песні на літоўскай, польскай, ідыш, іўрыце, лаціне – усіх мовах, якія можна было пачуць на вуліцах літоўскай сталіцы. Сярод іншага ў араторыі прагучалі фрагменты вершаў Чэслава Мілаша.