Уладзіміру Някляеву ўручылі Глінянага Вялеса
30 траўня 2011
— “Вялес” — адна з найстарэйшых літаратурных прэмій у Беларусі. Лаўрэаты былі вядомыя ўжо ў сакавіку, але Някляеву мы ніяк не маглі ўручыць прэмію, бо ён быў пад хатнім арыштам. І вось мы чакалі, што пасля судоў атрымаецца правесці гэтую імпрэзу. Усё атрымалася файна, як мы і меркавалі.
Прэмія “Гліняны Вялес”, якая штогод прысуджаецца за найлепшую кнігу мастацкай літаратуры, была ўручаная Уладзіміру Някляеву за кнігу “Кон”. На імпрэзе аўтар прачытаў некалькі вершаў і падзяліўся з прысутнымі ўражаннямі ад атрымання прэміі.
Калі я дасягну сваіх палітычных мэтаў, то адразу ж сыду з палітыкі і вярнуся за пісьменніцкі стол, зазначыў Уладзімір Някляеў.
— Тое, што мае таварышы якраз не па палітыцы, але па паэзіі гэтым “Вялесам” мяне адзначылі, шчыра скажу, мяне радуе. Літаратура была і застаецца для мне тым, што называюць “сэнсам жыцця”. Па-за ёй я сябе не ўяўляю і не адчуваю.
Але “Гліняны Вялес” для Уладзіміра Някляева не стаў адзінай узнагародай на цырымоніі. Заснавальнік прэміі Алесь Аркуш уганараваў паэта ордэнам Беларускай Народнай Рэспублікі за адвагу ў барацьбе за сапраўдную Беларусь, які ўяўляе сабой копію існага ў БНР ордэна, замоўленага адмыслова да імпрэзы. Пасля афіцыйнай часткі імпрэзы Уладзімір Някляеў падарыў прысутным свае кнігі, падпісаўшы асобнікі для ўсіх ахвотных.