Складзены 21-томны звод клінапісу Месапатаміі
7 чэрвеня 2011
“Чыкагскі асірыйскі слоўнік (Chicago Assyrian Dictionary, CAD) — важны і ўнікальны ўнёсак нашага НДІ ў разуменне цывілізацый старажытнага Блізкага Усходу, — лічыць Гіл Стэйн, дырэктар Інстытута усходазнаўства. — CAD — самая поўная з вядомых мне спробаў сістэматызаваць і зрабіць даступнай акадскую мову”.
“CAD — не проста спіс словаў, — працягвае Стэйн. — Кожнае слова мае падрабязную гісторыю і спектр ужывання. Па сутнасці, гэта энцыклапедыя культурнай гісторыі Месапатаміі. Гэта незаменны інструмент любога навукоўца, які вывучае пісьмовыя згадкі пра Месапатамскую цывілізацыю”.
Роберт Бігс, ганаровы прафесар Інстытута ўсходазнаўства, суаўтар слоўніка і археолаг, кажа: “Вы адкопваеце таблічку, сціраеце з яе бруд і бачыце чыйсьці ліст пра тое, што нарадзілася дзіця, або просьбу пазычыць збожжа да наступнага ўраджаю. І тады вы разумееце, што гэта была культура не толькі цароў і царыц, але і простых людзей, з тымі ж праблемамі, якія турбуюць нас сёння”.
Праект быў пачаты ў 1921 годзе Джэймсам Генры Брэстэдам, заснавальнікам Інстытута ўсходазнаўства Чыкагскага ўніверсітэта і адным з найбуйнейшых археолагаў Блізкага Усходу. Першапачаткова праца сапраўды планавалася як слоўнік асірыйскай мовы, але потым высветлілася, што асірыйскі — дыялект іншай семіцкай мовы, акадскай.
За гады працы даследчыкі запоўнілі мільёны картак, апісалі 28 тысяч словаў. На кожнае слова заводзілася некалькі картак у адпаведнасці з рознымі значэннямі і кантэкстам. У апошнім томе, напрыклад, ёсць слова “umu”, што значыць “дзень”. Артыкул пра гэтае слова займае 17 старонак.