№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Конкурс Мілаша: часта задаваныя пытанні

9 чэрвеня 2011

Конкурс Мілаша: часта задаваныя пытанні
Сёлета конкурс выклікаў вялікую цікавасць у маладых аўтараў, і таму аргкамітэт вырашыў адказаць на пытанні, якія найчасцей задаюць патэнцыйныя ўдзельнікі конкурсу.

Колькі твораў можа даслаць адзін удзельнік?

Фармальна колькасць твораў ад аднаго аўтара не абмежаваная. Але журы фізічна не зможа прачытаць і асэнсаваць вялікія аб’ёмы прозы ад аднаго аўтара. Розныя сябры журы па-рознаму ацэньваюць такія “аб’ёмы”: адны ў стане прачытаць 50 старонак “ворду”, іншыя мяркуюць, што дастаткова дзесяці старонак.

Таму рэкамендуем дбаць не пра колькасць, а пра якасць: лепей даслаць найлепшае з таго, што вы напісалі. Калі вашыя творы спадабаюцца, у вас папросяць даслаць яшчэ. А вось слабейшы твор можа сапсаваць уражанне ад сапраўды цікавай рэчы і ў выніку “патапіць” ваш выхад у фінал.

Кароткая проза — гэта які абмежаваны аб'ём тэксту? Ці ёсць нейкія патрабаванні да гэтага раздзела?

Кароткая проза — гэта такая група жанраў :). Апавяданне, навела, лірычная мініяцюра, імпрэсія... Часам са скрыпам сюды можна далучыць невялічкую аповесць (да 20 старонак). А вось вялікія аповесці і эпічныя раманы пакідаем за сабой права не чытаць. Калі ж вы — прыроджаны раманіст, рэкамендуем абраць для конкурсу завершаны ўрывак, які вас найвыгадней прэзентуе.

А можно на русском?
На якой мове трэба дасылаць творы — на нашай ці на польскай?


На конкурс мы прымаем творы на абедзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь. Але фармальна моўнага абмежавання ў конкурсах ПЭН-цэнтра не існуе: прымаем працы на тых мовах, якія ў стане прачытаць. Гэта, па нашых падліках, каля 20 моваў. Але, напрыклад, англамоўным творцам-беларусам варта памятаць, што ім давядзецца канкураваць не міжсобку, а з англамоўнай літаратурнай традыцыяй — сучаснымі аўтарамі Брытаніі, ЗША і г. д.

З павагі да мультыкультурных поглядаў Чэслава Мілаша ласкава запрашаем да ўдзелу аўтараў, якія, жывучы ў Беларусі, пішуць па-польску, па-ўкраінску, па-літоўску, на ідыш ці іўрыце, а таксама на дыялектах беларускай мовы.

Ці ёсць абмежаванні ў тэмах? Неужели про Польшу, поляков и собственно юбиляра?

Абмежавання ў тэмах твораў няма ніякага. Непаразуменні паўстаюць, відаць, з імені “літаратурнага патрона” нашага конкурсу-2011.

Беларускі ПЭН-Цэнтр (як філія Міжнароднага ПЭН-клуба) ладзіць конкурсы для маладых літаратараў з 2003 году. Кожны конкурс прысвечаны асобе з класікаў літаратуры — як нашай, так і сусветнай. Напрыклад, у розныя гады мы праводзілі конкурсы імені Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і... Франчэска Петраркі.

У 2011 годзе у свеце адзначаюць юбілей нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша — “грамадзяніна свету”, які, трэба сказаць, нарадзіўся не на тэрыторыі сучаснай Польшчы, а на Віленшчыне, і ладную частку жыцця пражыў у Францыі і ЗША. Год Мілаша шырока святкуецца ў Беларусі. Нашых фіналістаў у межах адукацыйнай праграмы па выніках конкурсу мы будзем знаёміць з яго асобай і творчасцю. Дарэчы, адбывацца ўсё гэта будзе не толькі ў Мінску.

Нагадваем, што на конкурс прымаюцца мастацкія пераклады. Асабліва будзем радыя пабачыць лісты ад маладых перакладчыкаў польскамоўнай паэзіі і ў прыватнасці Чэслава Мілаша!

Якую інфармацыю трэба пакідаць пра сябе?

Якую заўгодна — журы ўсё адно яе не прачытае. Творы перадаюцца на разгляд суддзяў у зашыфраваным выглядзе. Важна, каб у вашай заяўцы (складзенай у адвольнай форме), быў пазначаны ваш узрост, нумар кантактнага тэлефона і актуальны адрас электроннай пошты.

Яшчэ раз пра ўмовы конкурсу

Запрашаем да ўдзелу творцаў ад 15 да 26 гадоў (тыя, каму 19 траўня яшчэ не споўнілася 27). Да разгляду журы прымаюцца вершы, кароткая проза, эсэістыка, мастацкія пераклады.

Дэдлайн (паводле даты на паштовым штэмпелі або даты адпраўкі электроннага ліста) — 20 чэрвеня 2011.

Вынікі будуць абвешчаныя 30 чэрвеня, у дзень народзінаў Чэслава Мілаша.

Майстар-класы для фіналістаў конкурсу пройдуць у першай палове жніўня.

Творы можна дасылаць на адрас: e-mail: penkonkurs@gmail.com.

Паштовы адрас: 220050, а/с 218, Мінск, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”.

Даведкі праз электронную пошту ці тэлефон: (017) 284-73-29.

Чытайце таксама

555