Загадка смерці Федэрыка Гарсіі Лоркі раскрытая?
28 чэрвеня 2011
“Я вырашыў вывучыць архіўныя матэрыялы, а не выслухоўваць сведчанні “відавочцаў”, бо іх паказанні за доўгія гады абрастаюць новымі падрабязнасцямі, якія насамрэч не мелі месца”, — растлумачыў Кабальера, які апублікаваў вынікі сваёй працы, якія выйшлі ў Гішпаніі асобнай кнігай “Апошнія 13 гадзін Гарсія Лоркі”.
Аўтар зазначыў, што першапачаткова яго мэтай была праверка інфармацыі, сабранай у 1960-х гадах гішпанскім журналістам Эдуарда Малінай Фахардам, былым чальцом скрайне правай фашысцкай арганізацыі “Фаланга” (PHALANX), якая падтрымлівала генерала Франсіска Франка. “Дзякуючы сваёй палітычнай пазіцыі Маліна Фахарда меў доступ да людзей, якія лічылі за шчасце расказаць яму праўду, — кажа Кабальера. — Архівы пацвердзілі вялікую частку запісанага ім, так што было разумным палічыць, што яго звесткі наконт месца пахавання Лоркі таксама будуць слушнымі”.
Магілай паэта стала канава, выкапаная кімсьці з мясцовых жыхароў раней у пошуках вады. Яна размешчаная ўсяго за паўкіламетра ад паказанага ў 1971 годзе гісторыкам Янам Гібсанам меркаванага месца пахавання Гарсіі Лоркі, якое раскапалі ў 2009 годзе, але не знайшлі ніякіх чалавечых парэшткаў.
“Новае месца можа быць сапраўдным месцам пахавання Лоркі, бо знаходзіцца досыць далёка ад навакольных вёсак, каб іх жыхары нічога не ўбачылі і не пачулі стрэлаў, і да яго можна дабрацца на машыне — а катам было патрэбнае святло фараў, каб правесці расстрэл у начны час”, — кажа Кабальера.
Паўтузіна паліцыянтаў, з якіх складаўся карны атрад, расстралялі летам 1936 сотні людзей, Гарсія Лорка быў толькі адной з ахвяраў. “Я называю іх катамі, а не забойцамі, — кажа Кабальера. — Некаторыя з іх пайшлі пад прымусам або за 500 песетаў і павышэння па службе, якія абяцалі ім прадстаўнікі рэжыму Франка. Наўрад ці яны нават ведалі, што Лорка быў паэтам — гэта былі простыя людзі, а яго творы чытала эліта грамадства”.
Навуковец прытрымліваецца думкі пра тое, што забілі Лорку не праз яго палітычныя погляды, а помсцячы ягонаму бацьку.