Талстой лічыў, што Чэхаў — яшчэ горшы драматург, чым Шэкспір
18 ліпеня 2011
Напрыклад, дыялог, які адбыўся паміж Талстым і Чэхавым. Драматург і празаік Пётр Гнедзіч пераказвае аповед Чэхава пра яго візіт да хворага Талстога ў Гаспру. “Акрамя ўсяго іншага, ён крыху выказаўся пра мяне і мае творы, — казаў Чэхаў. — У канцы, калі мы ўжо развітваліся, ён шапнуў мне на вуха: “Вы ведаеце, я ненавіджу вашыя п'есы. Якім жа кепскім пісьменнікам быў Шэкспір, але вашыя п'есы яшчэ горшыя, чым ягоныя».
Нягледзячы на гэта, Талстой шчыра любіў Чэхава, хоць і не мог не крытыкаваць яго. Так, аднойчы ён сказаў яму, што драматург мусіць узяць гледача за руку і павесці ў пажаданым для сябе кірунку. “А куды я магу пайсці за вашым героем? Да кушэткі ў гасцёўні і назад — вашаму герою больш няма куды ісці”, — дадаў пісьменнік. Згодна з успамінамі Гнедзіча, абодва тады пасмяяліся, але пазней Чэхаў прызнаваўся, што, працуючы над кожнай новай п'есай, ён заўсёды ўспамінаў словы Талстога, і яму рабілася і смешна, і прыкра.
У сваю чаргу, нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін успамінаў, як Чэхаў сказаў яму пра Талстога: “Я глыбока схіляюся перад ім. Тое, што мне ў ім падабаецца больш за ўсё, — гэта пагарда, якую ён адчувае ў дачыненні да нас, пісьменнікаў. Па сутнасці, мы ўсе для яго — пустое месца. Вы можаце запярэчыць, што часам ён хваліць то Мапасана, то Купрына, то мяне... Але чаму? Усё проста — ён бачыць у нас не больш чым дзяцей. Нашыя апавяданні, раманы, п'есы — гэта ўсё дзіцячая творчасць у параўнанні з яго творамі. Хаця што да Шэкспіра... Тут справа ў іншым. Шэкспір раздражняе яго як сталы пісьменнік, які мог пісаць не так, як Талстой”.