Выяўленае магчымае месца нараджэння пытальніка
26 ліпеня 2011

У даісламскі час на Блізкім Усходзе на сірыйскай мове (літаратурны варыянт арамейскай) быў створаны велізарны корпус хрысціянскай літаратуры. У 1840-х гг. за 5 тыс. фунтаў стэрлінгаў яго выкупіў Брытанскі музей, і адмыслоўцы дагэтуль жывуць за кошт гэтага набыцця.
Копіі Бібліі не складаюць большасць калекцыі, але ў іх ёсць свае плюсы. Манускрыпты перасыпаныя дыякрытычнымі знакамі ў выглядзе кропак, якіх пазбаўленае вытанчанае сірыйскае пісьмо. Адны з іх зразумелыя, іншыя — не. Хутчэй за ўсё, іх не разумелі нават перапісчыкі, таму капіявалі знакі як атрымаецца. У выніку паўстала заблытаная карціна, пра якую марыць любы эксперт.
Ну а калі славалюбных памкненняў няма, заўсёды знойдуцца студэнты, якія дастануць усю душу, задаючы пытанні пра тое, што азначае тая ці іншая рысачка. Менавіта гэта і адбылося, падобна, з містэрам Коўклі. “Акрамя таго, па меры майго сталення мне пачыналі падабацца ўсё драбнейшыя рэчы, — прызнаецца даследнік. — Так я дакаціўся да знакаў прыпынку”.
Падвойная кропка (лінгвісты назвалі гэты знак zawga elaya) ставіцца вышэй за слова бліжэй да пачатку фразы, падказваючы чытачу, што сказ пытальны. Калі сказ пачынаецца з пытальнага слова, знак не ставіцца — і без яго ўсё ясна. “Хто гэта?” — можа быць толькі пытаннем. “Вы з'язджаеце?” — тут ужо могуць паўстаць сумневы, калі не звярнуцца па дапамогу пунктуацыі ці інтанацыі. Адпаведна, кажа Коўклі, гэта магла быць падказка чытачу. На жаль, мы не ведаем, як гучала сірыйская гаворка — ці было прынята мадуляваць голас у пытальным сказе?
У грэцкай і лацінскай сістэмах пісьма пытальнікі з'явіліся нашмат пазней — у VIII ст. Цалкам верагодна, што гэтыя знакі развіваліся незалежна адзін ад аднаго і ад сірыйскай мовы. Габрэйская і арабская пісьменнасці, якія абслугоўваюць роднасныя сірыйскай мовы, не маюць нічога падобнага. Іншы сусед — армянскае пісьмо — мае аналагічны знак, але і ён паўстаў пазней.
Вынікі даследавання Коўклі прадставіў на адмысловай канферэнцыі ў ЗША.