Біблія перакладзеная на 2527 моваў свету
27 ліпеня 2011

Большасць перакладаў надрукаваная ў краінах Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну, дзе, паводле інфармацыі міжнароднай асацыяцыі “Аб'яднаныя біблейскія таварыствы”, Біблія перакладзеная на 1063 мовы. На другім месцы па колькасці перакладаў Бібліі (739) — Афрыканскі кантынент. Далей ідуць Паўночная і Паўднёвая Амерыка — у цэлым 512 перакладаў. У Еўропе і на Блізкім Усходзе зроблена 210 перакладаў Бібліі. Ёсць пераклады і на штучныя мовы: толькі на мове эсперанта зарэгістравана тры версіі перакладу Бібліі.
Сярод новых поўных перакладаў Бібліі агенцтва EPD называе пераклад на чувашскую мову.
У міжнароднай асацыяцыі “Аб'яднаныя біблейскія таварыствы” налічваецца 146 нацыянальных біблейскіх таварыстваў — хрысціянскіх пазаканфесійных арганізацыяў. Мэтай іх дзейнасці з'яўляецца пераклад Бібліі і асобных кніг Старога і Новага Запавету на розныя мовы, а таксама іх выданне і далейшае распаўсюджанне.
Гісторыя гэтага руху сягае ў першыя дзесяцігоддзі XIX стагоддзя, калі ў розных краінах свету ўтварылася некалькі нацыянальных біблейскіх таварыстваў. Першымі былі ўтвораныя Брытанскае і Замежнае біблейскае таварыствы (1804), затым былі заснаваныя Ірландскае (1806), Фінляндскае (1812), Рускае (1813), Дацкае (1814), Нідэрландскае (1814), Шведскае (1815), Польскае (1816), Амерыканскае (1816), Нарвежскае (1816), Французскае (1818). Пасля біблейскія таварыствы пачалі з'яўляцца і ў іншых краінах.