У Анжэры 200 французаў публічна прачытаюць “Вайну і мір”
1 жніўня 2011
Чытаць кнігу будуць па чарзе дзвесце чалавек, наймалодшаму з якіх 12 гадоў, а найстарэйшаму — 80. Як сказаў рэжысёр Калікст дэ Нігрэмон, адзін з арганізатараў фэсту, у інтэрв'ю газеце “Весці”, “усе ведаюць гэты раман, але далёка не ўсе чыталі яго ад пачатку да канца. Многім проста бракуе адвагі”. Сваёй акцыяй ён паспрабуе “нагадаць французам пра адзін з найвялікшых твораў сусветнай літаратуры”. Нігрэмон адзначыў, што французскі пераклад, які будзе выкарыстаны ў чытаннях, быў асабіста ўхвалены аўтарам рамана.
Чытанне пачнецца 9 верасня ў 21.30 і працягнецца, як чакаецца, 46 гадзін — каля двух сутак. Яго можна будзе паглядзець анлайн на сайце фэсту “Захопленасць”.