№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антон Францішак Брыль: Я спрабую напісаць верш, які сам стаў бы чытаць

9 жніўня 2011

Антон Францішак Брыль: Я спрабую напісаць верш, які сам стаў бы чытаць
— Антон, ужо ў першай кнізе ў вас свая інтанацыя, свае тэмы. Хто з паэтаў свету служыць для вас своеасаблівым паэтычным камертонам, які дапамагае ўзяць патрэбную ноту?

— Насамперш я спрабую напісаць верш, які мне самому спадабаецца. А паколькі я чалавек прыдзірлівы, гэтага, напэўна, хапае. Я праўлю тэкст да той пары, пакуль не палічу, што сам стаў бы яго чытаць. Насамрэч я абуральна мала чытаю прозы, а добрай паэзіі чытаю досыць шмат. Калі штодзённа чытаеш, скажам, Ейтса, Бэлака і да іх падобных паэтаў, то ад гэтага крыху падымаецца ўзровень прыдзірлівасці да ўласных вершаў.

— Вы чытаеце названых паэтаў ў арыгінале, па-ангельску?

— Так, пераважна па-ангельску, хаця абодвух я сам крышачку перакладаў. А Ейтса яшчэ досыць шмат перакладаў Андрэй Хадановіч.

— У каментарах да свайго зборніка вы кажаце, што ўклалі яго на ўзор вядомай “Веронскай кнігі” Гая Валерыя Катула. Чым вас вабяць старарымскія класікі?

— Яны адначасова вельмі жывыя і вельмі вучоныя — гэта цікавае спалучэнне. Катул можа ў адным і тым жа вершы ў тузіне радкоў дэманстраваць агромністыя маштабы жывога пачуцця і пры гэтым дэманстратыўна выхваляцца сваёй вучонасцю. Гэта, па-мойму, унікальнае спалучэнне ў рымскіх неатэрыкаў, якое мяне заўсёды зачароўвала. Я павінен прызнацца, што пасрэдна ведаю лаціну, але вершы — такая матэрыя… Не шкада пасядзець над імі са слоўнікам, каб разабрацца, што там напісана. Скажам, з лацінскаю прозаю я б не зладзіў, а з вершамі пры жаданні спраўляюся.

— Як відаць са зборніка “Не ўпаў жолуд”, вас натхняе міфалогія старой Літвы. Чытаючы вас, я згадваў і Міцкевіча, і “Спевы даўніх ліцвінаў” Яна Чачота. Падчас апошняга перапісу знаходзіліся людзі, якія пазначалі сваю нацыянальнасць як “ліцвіны”. Вы часам не з іх ліку?

— Не, я не з іх ліку. Я лічу, што не трэба дадаткова заблытваць сітуацыю. Ідэнтычнасць наогул вельмі складаная штука. Я лічу сябе прыналежным да вялікай колькасці розных супольнасцяў з рэлігійных, рэгіянальных, моўных меркаванняў, але калі размова ідзе пра адказ на пытанне перапісу, мне здаецца, не трэба ўскладняць. Я сам у перапісе не ўдзельнічаў, бо жыву за мяжою, але ў графе “нацыянальнасць” напісаў бы “беларус”.

— А дзе вы жывяце?

— У Ірландыі, у Дубліне.

— І чым вы там займаецеся?

— Я навуковец-інфарматык. Займаюся алгарытмамі, звязанымі з аўтаматычным перакладам.



— Беларускія чытач ведае вас як перакладчыка ангельскай паэзіі. Чаму ў вашым зборніку не знайшлося месца для шыкоўнага перакладу “Бэўвульфа”?

— Я спадзяюся, што “Бэўвульф” выйдзе асобнаю кніжкаю. Пераклад скончаны гэтым летам, каля месяца таму, і я цяпер шукаю рэдактара, бо хочацца падысці да выдання сур’ёзна. Прызнаюся, я спачатку думаў змясціць у зборніку і пераклады. Але потым вырашыў, што перакладчык не мусіць засланяць сабою аўтара. Калі ў свой аўтарскі зборнік паэт уключае пераклады, то з’яўляецца пэўная рызыка. Гэта ў некаторых выпадках цікава. Але я гэтага стараюся пазбягаць.

— На жаль, беларускае кнігавыданне сёння перажывае цяжкія часы. Як вы ў сувязі з гэтым гледзіце на будучыню электроннай кнігі?

— Я, шчыра кажучы, не ведаю, што адказаць. Нават не ведаю, наколькі для мяне важныя папяровыя кнігі. Я люблю старыя папяровыя кнігі хутчэй з меркаванняў антуражу. Мне здаецца, што іх выданне адбываецца крышачку па інерцыі, што характэрна для невялікай краіны, дзе і наклады невялікія. Можа быць, якраз электронныя кнігі стануць нашым ратаваннем, бо гэта хуткі спосаб выдацца, лёгкі спосаб дайсці да самай маленькай вёскі. Гэтаму не трэба, па-мойму, надаваць занадта вялікага значэння. Катул пісаў яшчэ на папірусных світках, пасля перапісваўся на пергаментныя старонкі, пасля перапісваўся на папяровыя, перадрукоўваўся на папяровыя. Калі Катул пойдзе ў электроннае выданне, гэта будзе тая ж кніга, проста да гэтага трэба прызвычаіцца. Насамрэч нічога страшнага ў гэтым няма, гэта як пераход ад кніг рукапісных да варштата Гутэнберга, як пераход ад пергаменту да паперы.
паводле Радыё Свабода

Чытайце таксама

1076