Закрываецца кнігарня Крыстафера Робіна
24 жніўня 2011
Роўлэнд і Кэралайн Абрам, якія валодаюць знакамітай кнігарняй ужо 15 гадоў, кажуць, што не вытрымліваюць канкурэнцыі з анлайн-крамамі і супермаркетамі. Высокая арэндная плата апошнім часам вымушала Абрамаў працаваць сабе ў страту. Паводле словаў Роўлэнда, за 15 гадоў кніжны рынак змяніўся да непазнавальнасці, і цяпер нікому не патрэбныя невялікія прыватныя крамкі — значна зручней і танней замовіць кнігу праз сеціва.
На мінулым тыдні засмучаныя закрыццём славутай кнігарні мясцовыя жыхары пачалі збіраць ахвяраванні, каб падарыць краме Крыстафера Робіна другое жыццё, піша Dartmouth Today. Але часу ў іх засталося няшмат: уладальнікі кажуць, што крама закрыецца ў верасні.
Алан Мілн згадваў свайго сына ў шматлікіх вершах і зрабіў яго галоўным героем сваёй самай вядомай кнігі пра Віні-Пуха. Сам Крыстафер Робін літаральна ненавідзеў гэтую вядомасць, якая не адставала ад яго нават падчас Другой сусветнай вайны. Ён канчаткова пасварыўся з бацькамі пасля таго, як, нягледзячы на пратэсты маці, ажаніўся са сваёй стрыечнай сястрой. Разам з жонкай ён пераехаў у Дартмут, дзе ў 1951 годзе адкрыў кнігарню, якой кіраваў да сваёй смерці ў 1996 годзе.