Французскія кнігавыдаўцы памірыліся з Google
25 жніўня 2011
Праблема з аблічбаваннем кніг у Францыі ў Google паўстала яшчэ ўлетку 2006 году. Тады La Martiniere запатрабавала ад амерыканскай карпарацыі кампенсацыю 100 тысяч еўра за кожную са 100 кніг, якія Google, на думку французскага боку, незаконна выклала ў інтэрнэт. Google настойвала на сваёй невінаватасці, спасылаючыся на тое, што кнігі ўжо састарэлі, а іх аўтараў даўно няма жывых.
Судовае разбіральніцтва паміж кампаніяй і французскімі праваўладальнікамі працягнулася ў 2009 годзе. З абвінавачаннямі ў парушэнні аўтарскіх правоў супраць Google выступілі суполка SGDL, асацыяцыя выдаўцоў SNE і выдавецкі дом Seuil, які належыць групе La Martiniere. Суд пастанавіў, што Google парушае аўтарскія правы выдавецтваў, аднак пасля гэта рашэнне ўдалося абскардзіць.
У сакавіку 2010 году Google удалося дамовіцца з урадам Італіі пра аблічбаванне амаль мільёна кніг з бібліятэк Рыма і Фларэнцыі, выдадзеных да 1868 году. На думку Міністэрства культурнай спадчыны краіны, пагадненне дазволіць захаваць кнігі ад псавання і страты. Сярод аблічбаваных выданняў — працы Дантэ, Мак’явэлі і Галілея. Інвестыцыі ў праект склалі каля 100 мільёнаў еўра.
Раней кампанія Google заключыла падобныя пагадненні з шэрагам амерыканскіх універсітэтаў, а таксама з бібліятэкамі ў ЗША і Германіі.