№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Беларускую літаратуру прэзентавалі на шведскім кніжным кірмашы

26 верасня 2011

Беларускую літаратуру прэзентавалі на шведскім кніжным кірмашы
Па словах старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча такая шматлікая дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў і выдаўцоў на кірмашы ў Гётэборгу была прадстаўленая ўпершыню – як колькасна, так і па маштабнасці ды значнасці прадстаўленых праектаў, літаратурных выступаў, дыскусіяў і семінараў. Да таго ж, упершыню была прадстаўленая па-шведску і такая колькасць кніг беларускіх аўтараў.


Ля беларускага стэнда


Старшыны СБП Алесь Пашкевіч бярэ ўдзел у дыскусіі

Мабыць, адной з галоўных падзеяў беларускага культурнага дэсанту была прэзентацыя анталогіі сучаснай беларускай літаратуры “Språket som svalan bor i dess hjärta”. Так у перакладзе на шведскую гучыць радок “Мова ластаўкай жыве ў сэрцах” з верша Вольгі Іпатавай. Вялікая заслуга ў падрыхтоўцы і выданні анталогіі належыць Марыі Сёдэрберг, ініцыятарцы і натхняльніцы сумесных беларуска-шведскіх “Літаратурных падарожжаў”, што ўжо цягам 10 гадоў адбываюцца падчас Дзён культуры Швецыі ў нашай краіне.



У кнізе ў перакладзе на шведскую прадстаўленыя празаічныя і паэтычныя творы 30 айчынных літаратараў, якія бралі актыўны ўдзел у вандроўках цягам гэтага дзесяцігоддзя. Шыкоўнае выданне таксама багата ілюстраванае яркімі фотаздымкамі, выкананымі Марыяй Сёдэрберг.



На беларускім стэндзе ў Гётэборгу былі прадстаўленыя яшчэ тры асобныя выданні айчынных аўтараў –  Артура Клінава, Барыса Пятровіча і Андрэя Хадановіча.


Святлана Алексіевіч і Дзьмітры Плакс гутараць пра сытуацыю ў Беларусі

Акрамя вышэйзгаданых пісьменнікаў, беларускую літаратурную дэлегацыю ў Швецыі прадставілі Святлана Алексіевіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Марыя Мартысевіч, Дзмітры Плакс, Анка Упала, а таксама прадстаўнікі беларускіх незалежных выдавецтваў.



Ганаровым госцем кірмашу сёлета была Нямеччына, а таму нямецкамоўная літаратура ў Гётэборгу была найбольш пашыраная. Але, як адзначыў Алесь Пашкевіч, па маштабнасці сваёй прысутнасці беларуская літаратура смела займала другое месца.


Дзмітры Плакс і Артур Клінаў

Падводзячы вынікі сёлетняга візіту ў Гётэборг, старшыня СБП сказаў: “Дзякуючы прэзентацыі сучаснай беларускай літаратуры на кірмашы многія шведскія чытачы папросту адкрылі для сябе новую культурную краіну, амаль суседку. Бо даехаць са Стокгольма да Гомеля, як выявілася, нашмат бліжэй, чым са шведскай сталіцы да яе самых паўночных межаў ”.


На сцэне беларускай пляцоўкі – амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан

Ад імя Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч выказаў удзячнасць за магчымасць беларускага свята ў Гётэборгу Амбасадзе Каралеўства Швецыі ў Беларусі, Шведскаму саюзу пісьменнікаў, Шведскаму ПЭН-клубу і асабіста непасрэднай укладальніцы анталогіі, а таксама арганізатарцы беларускага літаратурнага стэнду на кірмашы –  спадарыні Марыі Сёдэрберг.

Сваімі ўражаннямі ад Гётэборгскага кірмаша з прэсавай службай СБП падзяліліся і іншыя ўдзельнікі беларускай дэлегацыі.

Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч:
“Варта адзначыць, што хоць кірмаш і адбываўся ў Гётэборгу, я сустрэў там вельмі шмат знаёмых пісьменнікаў са Стакгольму і іншых шведскіх гарадоў. Яны бывалі ў Беларусі і падчас кірмаша вельмі годна выступілі на беларускім стэндзе.. І хоць мерапрыемствы ішлі па прынцыпе нон-стоп і гледачы ўвесь час змяняліся, цікавасць да нашай літаратуры ўсё роўна была вельмі вялікая”.


Барыс Пятровіч і Дзмітры Плакс

На пытанне пра водгукі на сваю кнігу “Плошча”, прэзентаваную падчас кірмаша, Б. Пятровіч адказаў:

“У Швецы існуе так званы Дзень крытыкі. Праз некаторыя час пасля выхаду новай кнігі ўсе асноўныя шведскія выданні, якія маюць аддзелы культуры ці літаратуры, змяшчаюць рэцэнзіі на яе. Дзень крытыкі новых беларускіх кніг – Артура Клінава, Андрэя Хадановіча і маёй – 29 верасня. Хочацца падкрэсліць, што выбар рэцэнзентаў адвольны і незалежны. І, на маю думку, гэта вельмі важна. Яны самі абіраюць, што рэцэнзаваць і рэкамендаваць чытачам, ніхто над імі не стаіць. А таму паглядзім”. 


Анка Упала, Яніна Арлоў і Ульф Старк

Анка Упала, пісьменніца, перакладчыца:

“Больш за ўсё мяне ўразіла, з якой цікавасцю шведы ставяцца да такой падзеі, як кніжны кірмаш. Некаторыя імпрэзы пачыналіся а 9-й гадзіне, але, нягледзячы на ранні час, гледачы на іх прыходзілі. Мне запомнілася мілая шведская бабуля, якая наведвала амаль усе беларускія выступы, не зважаючы на тое, што праз паважаны ўзрост ёй цяжка хадзіць. Яна расказала мне, што калісьці працавала з беларускімі дзецьмі з бедных сем’яў, якія прыязджалі адпачываць у Швецыю, і цяпер заўжды цікавіцца тым, што адбываецца на іх радзіме. Спадарыня нават напісала два вершы і паўдзельнічала ў паэтычным слэме, што праводзіўся на беларускай пляцоўцы!”


Чарга ахвочых трапіць на кірмаш

Перакладчык і выдавец Нільс Хокансан на стэндзе свайго выдавецтва

Скарыстаныя фотаздымкі Анкі Упалы, Марыі Сёдэрберг і Алеся Пашкевіча.

паводле lit-bel.org

Чытайце таксама

518