Навукоўцы вылічылі час нараджэння Франкенштэйна
27 верасня 2011
Гісторыя стварэння рамана была выкладзеная самой пісьменніцай у прадмове да яго трэцяга перавыдання. Паводле яе словаў, штуршком да напісання твора стала размова, у якой удзельнічалі сама Мэры, яе муж Персі Шэлі, лорд Джордж Гордан Байран і лекар Байрана на імя Палідоры. Тады Байран прапанаваў кожнаму з прысутных напісаць апавяданне пра прывідаў. У адну з наступных начэй, як апісвае Мэры Шэлі, яна не магла заснуць, і, “калі месяцовае святло прабілася ў акно”, яе напалохала відзежа навукоўца і створанага ім монстра, які павольна падымаўся на ногі.
За месяцовае святло і зачапіўся Дональд Олсан з Тэхаскага ўніверсітэта ў горадзе Сан-Маркас. Каб вылічыць, калі была тая самая ноч, Олсан з асістэнтамі наведаў вілу, дзе жыла Мэры Шэлі, і вырашыў, што, адштурхоўваючыся ад прыкладнага часу, калі магла адбыцца размова (10-13 чэрвеня), можна спыніцца на адзінай даце, калі зыркае святло месяца магло біць у акно спальні пісьменніцы. Такім чынам, дата нараджэння аднаго з самых вядомых вобразаў літаратуры і фільмаў жахаў цяпер вядомая з дакладнасцю да гадзіны.