№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сёння ў Франкфурце адкрываецца адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў

12 кастрычніка 2011

Сёння ў Франкфурце адкрываецца адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў
У праграме заяўлена 3200 мерапрыемстваў. Дырэктар Frankfurter Buchmesse Юрген Бос паведаміў расійскай службе «Радыё Свабода», што адзін з дэвізаў форуму — “Новае мысленне”, хоць ім арганізатары кіруюцца штогод, фактычна нанова вынаходзячы кірмаш. Форум застаецца не толькі найважнейшым месцам сустрэчы прафесіяналаў кніжнай галіны, але таксама найцікавейшым аб'ектам назіранняў для ўсіх, хто цікавіцца кнігамі: “галоўнае на кірмашы не мяняецца: тут сустракаюцца людзі, а ў цэнтры ўвагі застаецца кніга”, нават нягледзячы на тое, што звыклы фармат выцясняецца, і “з модай на смартфоны і рыдэры працэс чытання перажывае рэвалюцыю”. На прэс-канферэнцыі Бос разважаў пра тое, што глабальная кніжная галіна ўжо дастаткова вывучыла магчымасці новых рынкаў, каб цяпер сфакусаваць сваю ўвагу на распрацоўцы канкрэтных стратэгіяў супрацоўніцтва з сумежнымі сферамі і развіцці новых бізнэс-мадэляў.

Новаўвядзенні, якія будуць прадстаўленыя сёлета і анансаваліся яшчэ ўвесну: Акадэмія Франкфурцкага кніжнага кірмашу (Frankfurt Book Fair Academy), якая аб'яднае ўсю дзелавую праграму, новы бізнэс-цэнтр StoryDrive, пашыраны павільён для Цэнтра літаратурных агентаў і скаўтаў (Literary Agents & Scouts Centre), а таксама яшчэ большую колькасць “гарачых зон” (Frankfurt Hot Spots) для прэзентацыі навінак і ідэй.

Ганаровым госцем Франкфурта сёлета абраная Ісландыя — паводле заявы арганізатараў, “маленькая краіна з вялікай гісторыяй”, дзе развіваецца сучасная літаратура, вядомая Еўропе даволі кепска. У Франкфурт запрошаныя каля чатырох дзясяткаў сучасных ісландскіх пісьменнікаў, у тым ліку такіх, як аўтар рамана “101 Рэйк'явік” Хальгрымур Хельгасан і дэтэктыўшчык Арнальд Індрыдасан. Да кірмашу на нямецкай мове было выпушчана каля 200 ісландскіх кніг, а таксама наноў перакладзеныя і выдадзеныя знакамітыя ісландскія сагі.

Ганаровыя госці агульнай пісьменніцкай дэлегацыі сёлета — італьянскі пісьменнік, гісторык і філосаф Умбэрта Эка і класік лацінаамерыканскай літаратуры, лаўрэат леташняй Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Марыё Варгас Льёса.

Чакаецца, што Франкфурцкі кніжны кірмаш сёлета прыцягне каля 300 тысяч наведвальнікаў і 10 тысяч журналістаў.
паводле pro-books.ru

Чытайце таксама

339