Нобелеўскага лаўрэата ўшануюць чытаннем па-беларуску
14 снежня 2011
— Гэта традыцыйнае шанаванне нобелеўскага лаўрэата, якое адбываецца, калі магчыма, у сувязі з сустрэчай раз на паўгоду сябраў Шведскага ПЭН-Цэнтра. У мінулым годзе, напрыклад, на такую сустрэчу прыходзіў Марыё Варгас Льёса, у гэтым, адпаведна, чакаецца Транстромер.
Шведскі ПЭН таксама традыцыйна вылучае на гэтай сустрэчы свайго кандыдата — намінанта на прэмію наступнага году. А сёлетні лаўрэат будзе ўшаноўвацца чытаннем на сямі мовах. Прагучыць толькі адзін караценькі верш, але гэта такі “праграмны”, так бы мовіць, верш Транстромера — “З сакавіка-79”. Думаю, у ім ён дае сваё бачанне суадносін паэта і грамадства.
У канцы 1960-х — пачатку 1970-х Траснтромера жорстка крытыкавалі, нават цкавалі за адсутнасць выразнай грамадзянскай пазіцыі. Гэта быў час моцнага палітычнага ўздыму ў шведскім грамадстве, выкліканага вайной у В'етнаме. Добры пісьменнік, як той казаў, — заўжды абраза для свайго народа, і Транстромер тут не выключэнне, але на напады ён наўпрост не адказваў, хіба што праз вершы, і тое, вядома, не ў лоб. Як у зборніку 1983 году “Дзікая плошча” — такі ўспамін. Цяпер, канечне, сорамна за той перыяд цкавання, і чытанне менавіта гэтага верша я разумею як знак: мы ўсё помнім і не робім выгляд, што гэтага не было…
— Пераклады на якія яшчэ мовы прагучаць і чаму менавіта на гэтыя мовы, а не на іншыя?
— Верш будуць чытаць — акрамя мовы арыгінала і беларускай — па-арабску, па-кітайску, па-румынску, па-курдску і на фарсі. Я не ведаю дакладна, чаму менавіта гэтыя мовы, але падазраю, што гэты выбар быў зроблены зыходзячы з таго, хто з сябраў Шведскага ПЭНа перакладаў Транстромера.
Дарэчы, у прамове падчас урачыстай Нобелеўскай цырымоніі Транстромер спецыяльна адзначыў перакладчыкаў і выказаў ім сваю ўдзячнасць — я, прызнацца, ніколі раней не чуў, каб Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры згадваў сваіх перакладчыкаў, і мне было вельмі прыемна і радасна за калег па перакладчыцкім цэху. Заўважу яшчэ, што прамову чытала жонка паэта Моніка Транстромер — сам Тумас пасля інсульту амаль не можа гаварыць.
— Наколькі важна для шведаў тое, што прэмію атрымаў іх суайчыннік?
— Тое, што суайчыннік, здаецца, не вельмі важна, але важна, што менавіта Транстромер, бо ён шмат гадоў быў адным з фаварытаў, прычым такім, пра якога не было “двух меркаванняў”: тое, што ён заслугоўвае ўзнагароды прызнавалі ўсе. Я думаю, менавіта той факт, што Транстромер — швед, якраз і паўплываў на тое, што ён не мог атрымаць прэмію раней, што яму давялося чакаць так доўга. Але я вельмі рады, што Шведская акадэмія нарэшце здолела пераступіць праз “сіндром Хары Марцінсана” і адважылася прысудзіць прэмію шведскаму паэту.
Тумас Транстромер
З сакавіка-79
Стомлены ад усіх, што прыходзяць са словамі, але без мовы
збег я на заснежаную выспу.
Прырода не мае слоў.
Ненапісаныя старонкі расхінуліся ва ўсе бакі!
Натрапіў на сляды казулі ў снезе.
Мова, але без слоў.
Пераклад Дзмітрыя Плакса