№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Арнольд Макмілін: "Перакладаць беларускіх аўтараў — няўдзячная праца"

15 снежня 2011

Арнольд Макмілін:
— Арнольд, якія творы беларускай літаратуры Вы можаце параіць з пазнакай “сусветны ўзровень”?

— Без аніякіх сумневаў гэта “Мёртвым нe баліць” і “Сотнікаў” Васіля Быкава. Так, як ён раскрывае тэмы маралі і слабасці, не ўмее рабіць ніхто. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча — геніяльны твор. З сучасных я б адзначыў Уладзіміра Арлова, Алeся Разанава і Андрэя Хадановіча. Вельмі добрая літаратура.

— За савецкім часам у беларускай літаратуры было даволі шмат гучных імёнаў: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Ёсць меркаванне, што цяпер “якасць” беларускай літаратуры моцна знізілася. Ці згодны Вы з гэтым?

— Я б так не сказаў. Караткевіч і Быкаў былі зусім нядаўна: можна сказаць, што яны пакуль яшчэ ёсць сучаснай беларускай літаратурай. І цяпер, пасля распаду Савецкага Саюза, у вас з'явілася шмат новых цікавых пісьменнікаў, таленавітых, якіх я з задавальненнем чытаю. Сяргей Балахонаў, напрыклад. Ці Альгерд Бахарэвіч. Вельмі добры пісьменнік. Але як ні дзіўна, Бахарэвіча больш ведаюць у Нямеччыне, чым у Беларусі. Андрэя Федарэнку я паважаю, ён піша гісторыю — але ў сучасным духу.

У паэзіі лёгка знайсці моцных аўтараў: Барадулін, напрыклад, Бураўкін — вельмі добрыя паэты. Ёсць таксама шмат добрых маладых паэтак — напрыклад, мая любімая Вальжына Морт, Віка Трэнас. І найлепшая — Вольга Гапеева. Яна прыгожая і вельмі разумная, унікальны чалавек. Ёсць і іншыя. Таму я б хаваць вашую літаратуру не стаў. Упэўнены, што вось-вось з’явяцца і іншыя, вельмі моцныя пісьменнікі.

— Як Вы лічыце, каго з беларускіх пісьменнікаў трэба перакладаць для “вонкавага” свету?

— Таго ж самага Быкава. Свет пра яго амаль нічога не ведае — не ў апошнюю чаргу праз кепскія пераклады. Тыя, што ёсць, зробленыя абы-як: “У лесе ў партызан скончыліся алоўкі...” — у літаральным пeракладзе на ангельскую гэта ідыятызм! Хоць “Сотнікава”, напрыклад, добра пераклалі. Быкаў у добрым перакладзе будзе вельмі цікавы. З сучасных твораў я б пераклаў апошні раман Бахарэвіча і яго апавяданні. Але вы зразумейце: перакладаць беларускіх аўтараў — няўдзячная праца. Вельмі цяжка знайсці выдавецтва, якое пагодзіцца на гэта. Бо выдавецкі бізнэс — гэта ў першую чаргу бізнэс. Таму растлумачыць камусьці ў Англіі, што трэба друкаваць не Гары Потэра, а Быкава, бывае вельмі складана, хоць трэба сказаць, што няма дэфіцыту сапраўды добрых ангельскіх і амерыканскіх кніг.

Дарэчы, вам гатовыя дапамагаць немцы. У Нямеччыне наогул шмат перакладаў замежнай літаратуры, уключаючы бeларускую. Гэта так званае “пачуццё віны” — можа быць, аналагічна сітуацыі ў Англіі, дзe шмат перакладаюць пісьменнікаў з былых калоній. Калі разглядаць літаратуру як бізнэс, я б на вашым месцы арыентаваўся на нямецкі рынак. Просты прыклад: у Англіі шмат літаратурных прэмій. І іх, асабліва гадоў дзесяць таму, увесь час атрымлівалі людзі, што пішуць пра Індыю і Пакістан. Ёсць пэўныя трэнды, таму для беларусаў рынак Нямеччыны відавочна перспектыўнейшы.

З чаго мы пачыналі? З перакладаў? Вашая паэзія наогул не перакладаецца, бо перакладчык сам мусіць быць паэтам. Напрыклад, вылучылі Барадуліна на Нобелеўскую прэмію. Я атрымаў ад камітэта ліст з пытаннем: “Як Вы ацэньваеце яго творчасць?” Вядома, я лічу яго геніем. Але яго перакладаў на ангельскую амаль няма. Тыя, што ёсць, вельмі прымітыўныя. Сам, натуральна, чытаю Барадуліна ў арыгінале, але гэта нe дапамагло нарвeжскаму камітэту. Вершы наогул цяжка перакладаць. Лазінскі перакладаў Шэкспіра літаральна — атрымалася дакладна, але паныла. А ў перакладах Пастарнака гэта новы твор. Пераклады Бродскага на ангельскую бліскучыя: ён геній, і яго перакладалі сапраўдныя таленты. Плюс да ўсяго Рыгор Барадулін, напрыклад, лічыцца недасяжным для замежнікаў, таму мала шанцаў рабіць зразумелыя пераклады...

— Выяўляецца, што адразу пасля напісання твора беларускі пісьменнік мусіць заказваць і аплачваць пераклад?

— Я гэтага не казаў. Але ў мяне часта пытаюцца, як зрабіцца вядомым. Адказ: толькі праз пераклады. Быкаў зрабіўся вядомым праз свае пераклады на рускую мову. Еўропе цікава чытаць пра беларусаў: вось Разанаў цяпер вылучаецца за мяжой, яго пачынаюць пазнаваць, асабліва ў Нямеччыне. Сама Беларусь цікавая свету нe заўжды з добрых нагодаў. Вы самі пра бeларускую літаратуру мала пішаце: беларускі брэнд — пісаць за грошы рускія раманы. Быць літаратурнымі неграмі. А навошта? Лепш бы на сваёй мове пісалі.

Але я не ведаю, што трэба пісаць беларусам, каб стаць вядомымі. Не ведаю... Вазьміце, халера з ім, “Гары Потэра”: 178 выдавецтваў адмовілі аўтару. І нарэшце нейкае адно прыняло — і сарвала банк. Таму выдавецкі бізнэс, вядома, бізнэс — але яшчэ і шанцаванне.

— Дык можа, беларусам адразу пісаць раманы на ангельскай?

— Напрамілы бог, не трэба. Пішыце лепш на беларускай. Бо літаратура — гэта ў першую чаргу мова. Вядома, у свеце былі выпадкі, калі пісьменнікі пісалі не на “сваіх” мовах: вельмі часта так робяць нарвежцы, якія пішуць па-ангельску. Нідэрландцы часта — на нямецкай ці ангельскай. Але разлічваць на поспех толькі праз ангельскую мову — глупства, добрую літаратуру заўсёды рана ці позна перакладуць — хоць бы на рускую мову. Таму пішыце добрую літаратуру на роднай мове.

— Ці існуе, да прыкладу, ірландская літаратура? І ці можна становішча беларускай літаратуры параўнаць са становішчам ірландскай?

— Нeкаторыя з найлепшых пісьменнікаў Англіі — ірландцы і шатландцы. Але яны лічацца англа-ірландскімі пісьменнікамі. Наколькі я ведаю, на сённяшні дзень мала літаратуры пішацца або нават застаецца на мясцовай ірландскай мове, якая, дарэчы, ніколі нe была такой моцнай, як бeларуская. Баюся, калі вашая літаратура стане расійскай, гэта будзе трагедыяй.

— Класічнае пытанне ад часоў з’яўлення кіно: а ці патрэбная сучаснаму свету класічная літаратура? Можа, час пераключацца на блогі і канчаткова “пайсці” ў інтэрнэт?

— Калі такі час прыйшоў, я гатовы засіліцца. Мабыць, я састарэў. Але займацца блогінгам зусім не хочацца. І як паказвае досвед, інтэрнэт — адно, літаратура — зусім іншае. Таму класічная літаратура можа быць спакойная: яе яшчэ рана хаваць. Сам я ў інтэрнэце чытаю Камунікат, знаёмлюся з беларускімі пісьменнікамі. І адсочваю вынікі футбольных матчаў: я наогул перакананы, што інтэрнэт карысны мнe галоўным чынам, каб даведвацца пра вынікі футбольных матчаў і атрымліваць (хоць нe заўжды дакладную) інфармацыю.

— У Лондане шмат беларускіх кніг?

— Беларускія кнігі ёсць у 3-4 бібліятэках Лондана. Часта я аддаю свае лішнія кнігі ва ўніверсітэцкую бібліятэку. Актыўна заказвае бeларускія кнігі Брытанская бібліятэка: беларусы прыязджаюць у Лондан, ім цікава пачытаць. Таму беларус у ангельскай сталіцы без літаратуры не застанецца, выбар ёсць. І я аддаю перавагу вывучэнню беларускай літаратуры менавіта ў Лондане. Там мне жыць прасцей. Я часта прыязджаў і прыязджаю ў Беларусь — мне вельмі падабаецца вашая краіна. Але жыць тут мнe было б няпроста.

— У кожнай літаратуры ёсць пэўная ідэя. Паэзія прыгнечаных, развагі пра вялікую рускую душу — і далей па спісе. Якая ідэя ў беларускай літаратуры?

— Не магу сказаць. Вельмі шырокая. Гісторыя (старажытная і ХХ стагоддзя) займае ў вашай літаратуры вялікае месца, і гэта не дзівіць, калі мець наўвеце спробы нe толькі рускіх, але і нeкаторых бeларусаў скажаць і прымяншаць значэнне бeларускай гісторыі і традыцый. Шмат таксама напісана пра вашую талерантнасць: нават пачынаючы з анекдотаў пра цвік, украінца, беларуса і рускага. Але ў гэтым ёсць і добрае: калі кепска пішаш пра рускую літаратуру, рускія злуюцца. А беларусы маўчаць. Наогул, вы заўважна адрозніваецеся ад рускіх. Больш ветлівыя, сціплыя. Добрыя. Гэтыя якасці мнe асабіста вельмі падабаюцца, і яны часткова адлюстроўваюцца ў беларускай літаратуры.
паводле lit-bel.org

Чытайце таксама

467