Новы пераклад Бібліі зрабіўся бэстсэлерам у Нарвегіі
10 студзеня 2012

Зроблены ўпершыню за апошнія трыццаць гадоў пераклад Бібліі на нарвежскую мову выклікаў вялікую цікавасць у жыхароў краіны. Продажы Бібліі ў новым перакладзе вывелі яе ў статус бэстсэлераў 2011 году. Больш за тое, Біблія ўзначальвала спісы самых папулярных кніг краіны амаль кожны тыдзень цягам трох месяцаў — з моманту з'яўлення выдання на прылаўках 19 кастрычніка і да канца году.
Продажы новага выдання перасягнулі ўсе спадзяванні кнігагандляроў — у першы ж дзень былі раскупленыя ўсе 25 тысяч асобнікаў першапачатковага накладу, у той час як выдаўцы спадзяваліся, што гэтай колькасці ім хопіць прынамсі на паўгоду. Ажыятаж, выкліканы публікацыяй Бібліі, быў параўнальны з выхадам новай кнігі пра Гары Потэра — шматлюдныя начныя чэргі, палаткі перад зачыненымі крамамі і пастаянная публікацыя дадатковых накладаў. У апошнім квартале 2011 году ў Нарвегіі было прададзена ўжо больш за 117 тысяч асобнікаў.
На распрацоўку праекту новага выдання ў Біблейскага таварыства Нарвегіі сышло 11 гадоў. Кошт праекту склаў 32 млн нарвежскіх крон (больш за 5 млн даляраў). На першай стадыі над новым перакладам працавалі 30 перакладчыкаў, багасловаў, святароў і навукоўцаў. Затым падрыхтаваны імі тэкст быў адаптаваны камандай з 12 нарвежскіх літаратараў. Ідэя палягала ў тым, каб новы пераклад дапамог палегчыць разуменне кнігі сучасным чалавекам, набліжаючы стыль выкладу да мовы, што выкарыстоўваецца цяпер. Ні адзін са свецкіх аўтараў, якія працавалі над новым перакладам, не вылучаецца, з іх уласных словаў, асаблівай рэлігійнасцю, аднак кожны з іх — спецыяліст па старажытнагрэцкай мове і іўрыце. Дзякуючы гэтаму ўдалося стварыць не толькі дакладны, але і цалкам літаратурны пераклад Старога і Новага запаветаў.
Тым не менш, лексікон новага выдання зведаў значныя змены — шматлікія традыцыйныя тэрміны і звароты ў ім замененыя сучаснымі аналагамі. Так, напрыклад, біблейская “блудніца” зрабілася “прастытуткай”, “беззаганная дзева” — “юнай дзяўчынай”, а слова “Ойча” ў многіх месцах у тэксце замененае на “Бацьку”: паводле задумы перакладчыкаў, так больш ясна прасочваецца для чытача сувязь паміж Ісусам Хрыстом і Ягоным Бацькам у нябёсах.
Сучасная трактоўка біблейскага тэксту здабыла як прыхільнікаў, так і праціўнікаў у нарвежскім грамадстве. Тым не менш, ніхто не аспрэчвае факту, што публікацыя новага перакладу Бібліі на нарвежскую сталася сур'ёзнай культурнай падзеяй у жыцці краіны.