"Шматгалосы эпісталярыум" беларускай эміграцыі
24 студзеня 2012
На думку рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Наталлі Гардзіенкі, галоўная каштоўнасць выдання ў тым, што гэта, бадай, першая спроба рознабакова разгледзець эміграцыйныя эпісталярыі як крыніцу звестак па гісторыі, літаратуры, штодзённасці. Сур’ёзных працаў, прысвечаных гэтай праблематыцы, да гэтага часу не было.
“Каштоўнасць кнігі палягае таксама ў публікацыі вялікай колькасці арыгінальных лістоў, раней невядомых ні гісторыкам, ні літаратуразнаўцам, — гаворыць Наталля Гардзіенка. — Тут прадстаўленая шырокая геаграфія карэспандэнтаў, якая ахоплівае ці не ўсе беларускія асяродкі паваеннай эміграцыі, закранаюцца разнастайныя праблемы, вядомыя і невядомыя ў метраполіі”.
Шматлікія лісты беларусаў з розных краінаў, знойдзеныя, апрацаваныя і змешчаныя ў кнізе, дазваляюць прадставіць не толькі адметнасці інтэлектуальнага жыцця беларускай інтэлігенцыі на Захадзе, але і паказаць штодзённасць шараговых эмігрантаў.
Найбольшую цікавасць, напэўна, уяўляюць тэксты, што друкуюцца ўпершыню. Да прыкладу, ліставанне Кастуся Акулы ў сувязі з падрыхтоўкай і выданнем двух найбуйнейшых ягоных твораў — рамана “Змагарныя дарогі” і трылогіі “Гараватка”. На думку Наталлі Гардзіенкі, праз гэтыя эпісталярыі “можна крыху па-іншаму паглядзець і на асобу Кастуся Акулы і ягоных карэспандэнтаў, і на літаратурную кухню, і на асаблівасці міжасабовых дачыненняў на эміграцыі”.
Безумоўна, цікавым для многіх будзе раздзел кнігі “Трэба жыць, як набяжыць”: праўдзівая біяграфія амерыканскіх гадоў Наталлі Арсенневай”, дзе змешчаныя выбраныя лісты Наталлі Арсенневай да яе сяброўкі Яніны Каханоўскай. Лісты дасланыя з Рочэстэра, куды Арсеннева з мужам была вымушана пераехаць з Нью-Ёрка ў 1967. “У гэты перыяд адзінай сувяззю паэткі з беларускім жыццём сталася лістоўная”, — адзначае Лявон Юрэвіч.
Вось як характарызуе даследчык гэтую перапіску: “Лісты, дасланыя з Рочэстэра, выразна асабістыя, побытавыя; напісаныя да блізкага сябра, яны не маюць ніякіх табуяваных тэмаў: смерць родных, хваробы, сямейныя складанасці, фінансавыя, настрой — усё знайшло месца ў гэтым ліставанні, і ўсё вельмі важна для разумення Наталлі Арсенневай як чалавека, для разумення яе працяглага — 30-гадовага — жыцця ў невялічкім правінцыйным гарадку”.
Сярод іншых герояў кнігі — Юрка Віцьбіч, Антон Адамовіч, Кастусь Акула, Уладзімір Дудзіцкі, Уладзімір Клішэвіч, Янка Чарапук-Змагар і шмат іншых цікавых асобаў з інтэлектуальнай прасторы беларускай эміграцыі.
У кнізе Лявона Юрэвіча знойдзецца шмат новай інфармацыі да біяграфіяў розных эміграцыйных, і не толькі эміграцыйных дзеячаў. Такім чынам, “Шматгалосы эпісталярыум”, бадай, нельга назваць кнігай выключна эміграцыйнай тэматыкі, хутчэй гэтае выданне добра сведчыць пра цесную ўзаемасувязь эміграцыйнай і метрапольнай інтэлектуальнай прасторы.
***
Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20).