Памерла Віслава Шымборска
1 лютага 2012
У Кракаве Віслава Шымборска скончыла пачатковую школу і паступіла ў гімназію. Падчас Другой сусветнай вайны вучылася ў падпольнай школе, а ў 1943 годзе пачала працаваць на чыгунцы, каб пазбегнуць высылкі ў Германію на прымусовыя працы.
Першы верш паэткі “Шукаю слова” (Szukam słowa) быў апублікаваны ў сакавіку 1945 году ў штодзённым выданні “Польскі дзённік” (Dziennik Polski). У 1949 годзе першая кніга Шымборскай “Вершы” была забароненая для друку, бо “не выконвала сацыялістычных патрабаванняў”.
Першы паэтычны зборнік Віславы Шымборскай “Для таго жывем” (Dlatego żyjemy) выйшаў у 1952 годзе і быў прасякнуты духам сацыялістычнага рэалізму, як і другі зборнік вершаў “Пытанні да сябе” (Pytania zadawane sobie, 1954). Пазней паэтка адзначала, што тэматыка і стыль першых дзвюх кніг былі яе “юнацкім грашком”.
Значным крокам наперад у творчым станаўленні Віславы Шымборскай стаў зборнік вершаў “Заклікі да Еці” (Wołanie do Yeti, 1957), у якім яна звярнулася да верлібру.
У 1953—1981 гадах Шымборска была сябрам рэдакцыі часопіса “Літаратурнае жыццё” (Życie Literackie), дзе з 1968 году вяла рубрыку “Неабавязковае чытанне”. Да 1966 году Віслава Шымборска ўваходзіла ў Польскую аб’яднаную рабочую партыю, аднак пазней дыстанцыявалася ад сацыялізму.
У 1980-х далучылася да “Салідарнасці” і працавала ў польскім самавыданні Arka і ў часопісе “Культура”, які выдаваўся ў Парыжы. У 1996 годзе Нобелеўскі камітэт уганараваў Віславу Шымборску прэміяй “за паэзію, якая з іранічнай дакладнасцю адлюстроўвае ў фрагментах чалавечай рэальнасці гістарычны і біялагічны кантэкст”.