Літаратурную прэмію Франкфурцкага кніжнага кірмашу атрымаў італьянец
19 кастрычніка 2009

Сямідзесяцігадовы Клаўдыё Магрыс – раманіст, эсэіст, газетны калумніст і навуковец, у фокусе цікаўнасці якога – Сярэдняя Еўропа.
У сваёй прамове падчас цырымоніі ўзнагароджвання ён перасцярог супраць палітычнага папулізму ў Еўропе і раскрытыкаваў “нябачныя бар’еры”, што паўстаюць паміж імігрантамі і карэннымі жыхарамі ў найбуйнейшых гарадах Еўропы.
А таксама, не ўзгадваючы наўпрост італьянскага прэм’ер-міністра Сільвіё Берлусконі, Магрыс “як італьянскі патрыёт” выказаў спадзеў, “што мая краіна зноў не паўстане піянерам памылковых ідэяў, бо гэта мы, урэшце, прыдумалі фашызм у Еўропе”.
Магрыс з’яўляецца ўладальнікам некалькіх буйных еўрапейскіх літаратурных узнагародаў, таксама яго імя гучыць у спісе фаварытаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры.