У Беларусі з'явіліся электронныя кнігі
23 лютага 2012
“Безумоўна, мы глядзелі на тое, што створана да нас у беларускім сеціве і з павагай ставімся да існых праектаў. Але мы не проста архівуем кнігі, якія выдаваліся. У нас іншая задача — рабіць новыя кнігі ў электронным выглядзе і паступова намацваць нішу на рынку, які, безумоўна, у нас будзе”, — такім чынам Аляксандра Дынько вызначае ўнікальнасць праекту.
Ужо запрацаваў сайт электроннага выдавецтва bybooks.eu, дзе можна чытаць новую беларускую літаратуру ў ePub — новым фармаце, які добра чытаецца на нэтбуках і ноўтбуках, на звычайных і кішэнных кампутарах, на айфонах ды айпадах. Каб хутчэй зарыентавацца, на адмысловай старонцы падаюцца парады і спасылкі.
“Мы імкнемся прывучаць чытача да таго, што электронная кніга — гэта не проста тэкст, выкладзены ў інтэрнэт, а адмыслова падрыхтаваны тэкст, па-выдавецку апрацаваны, з карэктурай і рэдактурай, а таксама з адпаведнай тэхнічнай апрацоўкай, таму мы абралі фармат ePub, які лічым найбольш перспектыўным”, — тлумачыць Аляксандра Дынько.
На сайце ўжо выкладзена 6 кніг уласнай вытворчасці. Аповесць Барыса Пятровіча “Плошча” ўжо добра вядомая, BYBOOKS зрабілі яе электронны варыянт. Сам аўтар прызнаецца, што аддае перавагу папяровым кнігам, ды і прыстасаванняў не мае, каб чытаць электронныя выданні. Пры тым разумее, што задума электроннага выдавецтва вартая. “Рана хаваць папяровую кнігу, але відавочна, што электронная кніга распаўсюджваецца. Цяпер можна мець сотні кніг любімых аўтараў проста ў сябе ў кішэні. Безумоўна, гэта плюс для моладзі, для тых, хто вучыцца і вандруе. І добра, што ў Беларусі знайшліся людзі, якія ўзяліся за такую справу”.
Зборнік вершаў “Гэта не лічыцца” Насты Манцэвіч пабачыў свет якраз у электронным выглядзе. Да ўсяго, ён дэбютны для самой паэткі. Аўтарка кажа, што таксама досыць часта звяртаецца да электроннай літаратуры. “Найперш таму, што бывае цяжка знайсці пэўную кнігу і прасцей яе спампаваць. Хоць я таксама аддаю перавагу папяровай кнізе”.
Сайт bybooks.eu будзе перыядычна папаўняцца новымі выданнямі. Цяпер рыхтуюцца дэбютныя зборнікі яшчэ двух маладых аўтараў, вядомых у сеціве (імёны пакуль не раскрываюцца), а таксама новая кніга фемінісцкай прозы Евы Вежнавец ды пераклады са шведскай падлеткавай літаратуры. У перспектыве стваральнікі BYBOOKS разлічваюць на тое, што гэтая справа будзе прыносіць прыбытак. “Калі не нам, дык людзям, якія будуць гэтым займацца пасля нас”, — зазначае Аляксандра.