Беларусь літаратурная на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы
19 сакавіка 2012
Беларусь на кірмашы прадстаўлялі Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Артур Клінаў, Марына Напрушкіна і Андрэй Хадановіч.
Паэт і старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч лічыць, што ўвага да Беларусі і беларускай літаратуры сёлета значна ўзрасла ў параўнанні з папярэднімі кірмашамі. На кірмашы былі прадстаўленыя як выдадзеныя ў Германіі кнігі беларускіх удзельнікаў, так і спецыяльныя выпускі нямецкамоўных літаратурных часопісаў з беларускімі публікацыямі, сярод аўтараў якіх — Алесь Разанаў, Сакрат Яновіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Віталь Рыжкоў, Віктар Марціновіч ды іншыя паэты і празаікі.
Андрэя Хадановіча парадаваў гарачы прыём аўдыторыі:
“Цягам кірмашу я ўдзельнічаў у трох чытаннях і кожнага разу быў прыемна ўражаны як колькасцю публікі, так і яе гатовасцю да слухання, дыялогу, цеплынёй прыёму, інтэлігентнасцю. Імпрэзы збіралі тых, хто даўно цікавіцца культурай нашага рэгіёну, і калі я чытаў нейкія тэксты ці проста прамаўляў, часам траціна, а то й палова аўдыторыі жвава адгукалася, не чакаючы перакладу. А праз некалькі секундаў да іх далучалася астатняя частка дзякуючы прафесійнай працы перакладчыкаў. Відавочна, што пасля гэтых сустрэчаў аматараў беларускай літаратуры паболела.
Нямецкія арганізатары зрабілі ўсё, каб аўтарам падчас сустрэчаў было максімальна камфортна. Цягам трох чытанняў мне дапамагала ажно чатыры перакладчыкі. І ўпершыню на Ляйпцыгскім кірмашы мне не прапаноўвалі выступаць па-польску або па-расійску, бо ў Германіі знайсці беларуска-нямецкага перакладчыка — ужо не праблема”.
Дыяпазон тэмаў дыскусіяў вагаўся ад самых сур’ёзных — пра часам балючыя дачыненні Беларусі і Украіны з Еўрасаюзам — да лёгка-іранічных, калі Андрэй Хадановіч разам з Сяргіем Жаданом і польскім пісьменнікам Пётрам Семянам разважалі пра будучы чэмпіянат Еўропы па футболе Еўра-2012 і яго магчымы ўплыў на грамадства і культуру нашых краінаў. Хадановіч і Жадан агучылі канспіралагічную тэорыю, што свой унёсак у развал СССР зрабіў фурор беларускіх і ўкраінскіх футбольных камандаў у пачатку 1980-х.
Эмацыйнай кульмінацыяй суботняга дня зрабіўся міжнародны паэтычны слэм з удзелам паэтаў з чатырох краінаў, якія чыталі на пяці мовах. Тон вечарыне, якая адбылася ў гарадскім тэатры “Скала”, задаў найлепшы слэмер Германіі Бас Бётхер. Выбухі смеху выклікаў іранічны паляк з Бірмінгему Богдан Пясэцкі. Рускамоўная паэтка з Данбасу Алена Заслаўская збіла градус весялосці вершамі пра жорсткае каханне на фоне дэпрэсіўных краявідаў украінскага Паўднёвага Усходу. Закончыў слэмаўскую частку вечарыны Андрэй Хадановіч, завёўшы залу сваёй пазітыўнай энергетыкай і крыху чарнаватым беларускім гумарам.
Па заканчэнні слэму адбыўся паэтычна-музычны перформанс: знакаміты ўкраінскі паэт Сяргій Жадан чытаў свае вершы пад музыку харкаўскага гурта “Сабакі ў космасе”. Шматнацыянальная публіка проста танчыла пад вершы.