Прэзентацыя новага рамана Альгерда Бахарэвіча
20 сакавіка 2012
Шабаны. Адно з сакральных месцаў сённяшняга Мінска. Канцавая станцыя міфічных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама; Шабаны як пастка. Іх тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іх геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іх гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд. Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах.
Новая кніга Альгерда Бахарэвіча — раман пра магчымасці мовы і немагчымасць вяртання.