Мэта “Жывой бібліятэкі” — барацьба са стэрэатыпамі і перадузятасцю, якія склаліся ў грамадстве адносна пэўных груп: сэксуальных, расавых, нацыянальных і рэлігійных меншасцяў, людзей, якія жывуць закрытымі групамі або ёсць прыхільнікамі непапулярных ідэй
“Жывая бібліятэка” ў Кіеве будзе працаваць пад лозунгам: “Не судзі кнігу па вокладцы”. Усяго ў каталогу будзе каля 25 кніг, сярод іх — бежанец, феміністка, мусульманін, лесбіянка, гей, цыган, будыст, замежны студэнт, былы зняволены, праваабаронца і іншыя. Каб стаць чытачом “Жывой бібліятэкі”, трэба зарэгістравацца ў бібліятэкара, які будзе працаваць пры ўваходзе. Гэта абсалютна бясплатна, аднак чытачы павінныя прытрымлівацца пэўных правілаў: за раз можна браць адну кнігу, лепш — тую, якая найменш падабаецца. Вярнуць яе назад у бібліятэку трэба ў такім жа фізічным і псіхічным стане не пазней чым праз 45 хвілін. Кнігам можна задаваць любыя пытанні, галоўнае — быць адкрытым да дыялогу і мець жаданне даведацца нешта новае. Вядома, у “Жывой бібліятэцы” няма месца слоўным і фізічным абразам.
Правілы працы “Жывой бібліятэкі”:
— карыстанне бясплатнае для ўсіх зарэгістраваных чытачоў: калі вы рэгіструецеся, то тым самым згаджаецеся выконваць правілы “Жывой бібліятэкі”;
— усе кнігі пералічаныя ў каталогу, які можна пагартаць на стойцы рэгістрацыі;
— пасля таго як вы абралі кнігу, якую хацелі б пачытаць, звярніцеся да бібліятэкара, каб узгадніць час, калі гэтая кніга будзе даступная;
— за адзін раз можна браць толькі адну кнігу;
— кнігі можна рэзерваваць, але не больш чым тры за раз;
— чытаць можна сам-насам, у коле сяброў або сям'і;
— вярнуць кнігу назад неабходна не пазней чым праз 45 хвілін, цэлай і непашкоджанай;
— у “Жывой бібліятэцы” не бывае дурных, нязручных або вострых пытанняў: гэтак жа няма месца для абразаў — слоўных або фізічных;
— забараняецца наносіць кнігам шкоду: вырываць старонкі, разліваць на іх напоі, маляваць і пісаць на іх і любым іншым спосабам прыніжаць іх годнасць;
— кніга мае права спыніць размову ў любы час, калі чытач парушае правілы.
Цікавыя факты
Першая “Жывая бібліятэка” з'явілася 11 гадоў таму ў Даніі. Ідэя належала арганізацыі “Спыні гвалт” (Stop the Violence), а дакладней, пяці яе заснавальнікам, якія вырашылі больш актыўна змагацца з гвалтам і расізмам пасля таго, як іх агульнага сябра ледзь не забілі да смерці пасярод Капенгагена. Ідэю падтрымаў дырэктар найбуйнейшага ў Паўночнай Еўропе музычнага фестывалю Роскілдэ — бібліятэка працавала ў фестывальным гарадку цягам тыдня летам 2000 году.
У першай бібліятэцы было 75 жывых кніг: прадстаўнікі нацыянальных, расавых, сэксуальных меншасцяў, феміністкі, вегетарыянцы, футбольныя фанаты, палітыкі, паліцыянты, мастакі графіці і таму падобнае. Іх чыталі не толькі наведвальнікі фестывалю, якіх ў тым годзе было 100 тысяч — часам самі кнігі гарталі адна адну. Найбольш папулярнай тады аказалася кніга пад назвай “Малады араб-мусульманін”. Міжнародны бэстсэлер большасці жывых бібліятэк — кніга “Гей”.
Цяпер “Жывыя бібліятэкі” існуюць у больш чым 40 краінах свету. Часцей за ўсё іх праводзяць падчас фестываляў, кніжных выставаў, уласна ў бібліятэках, навучальных установах і падчас іншых масавых мерапрыемстваў. Кнігамі ёсць людзі, адносна якіх у грамадстве існуе пэўная перадузятасць або якія жывуць закрытымі групамі, куды староннім звычайна трапіць складана.