"Дзеяслоў" раздаў узнагароды за 2011 год
31 сакавіка 2012

“Як вы ведаеце, галасаванне гэтым разам у нас таксама было ў інтэрнэце, але апошняе слова рэдакцыя пакінула за сабой, бо спадзявацца на аб’ектыўнасць інтэрнэт-галасаванкі вельмі цяжка… Выбар было зрабіць няпроста, таму што ў кожнай намінацыі не менш чым пяцёра кандыдатаў, вартых таго, каб стаць лаўрэатамі”, — зазначыў галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” і старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч.
Ён згадаў часы, калі ўручаліся першыя “Залатыя апострафы” — на вечарынах “Дзеяслова”, якія былі вялікімі ўрачыстасцямі і праходзілі ў Доме літаратара, тады збіралася трыста, чатырыста і больш чалавек. Старшыня СБП патлумачыў, што на той момант рэдакцыя часопіса была адзінай, якая мела сваю прэмію, а цяпер з’явіліся і іншыя сур’ёзныя літаратурныя ўзнагароды.
“Дай Бог, каб колькасць прэстыжных, важных і агульнадзяржаўных прэмій у нас павялічвалася. Гэта было б толькі на карысць нашай літаратуры і культуры”, — дадаў Барыс Пятровіч.
Як і было абвешчана раней, “Залаты апостраф” сёлета атрымалі:
у намінацыі “Проза” — Ігар Бабкоў (раман “Партрэт мастака, нябачны ў сутонні”, № 53);
у намінацыі “Паэзія” — Віктар Жыбуль (“Мая каляровая рэвалюцыя”, вершы, № 53);
у намінацыі “Дэбют” — Алесь Плотка (“Шлю паштоўку арыштанту”, вершы, № 52).
Літаратар і філосаф Ігар Бабкоў, атрымаўшы прэмію, выказаў павагу да сваіх канкурэнтаў па намінацыі, згадаўшы Макса Шчура, Еву Вежнавец і Славаміра Адамовіча.
Віктар Жыбуль сярод сваіх супернікаў адзначыў Ігара Сідарука, чыімі творамі ён быў уражаны яшчэ ў дзевяностыя. Паэт пажадаў усім натхнення і на просьбу прысутных прачытаў свой верш. “Дэбютант” Алесь Плотка падзякаваў рэдакцыі часопіса за падтрымку яго як творчай асобы, пра што, паводле яго словаў, за вялікай колькасцю грамадскай працы ён часам забываецца.
Таксама прэмія часопіса “Дзеяслоў” і Алеся Усені “За ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры” была ўручаная Кастусю Цвірку, кіраўніку і галоўнаму рэдактару выдавецтва “Беларускі кнігазбор”. З ініцыятывы выдаўца, паэта, журналіста Алеся Усені ўзнагарода ў гэтай намінацыі ўручаецца ўжо трэці раз. У мінулыя гады яе атрымлівалі Віктар Казько і Анатоль Вярцінскі.