7 гадзінаў сучаснай швейцарскай літаратуры
3 красавіка 2012
Франц Холер, які набыў вядомасць дзякуючы сваім незвычайным гумарыстычным гісторыям і гульням з мовай, запросіць нас падчас чытання ў падарожжа па сваіх тэкстах розных перыядаў. У пісьменніка неймаверна востры погляд на трывожныя дэталі; ён расказвае пра крохкасць і трагікамічнасць нашай штодзённасці, не пакідаючы па-за ўвагай яе паэтычнасці.
Далей у літаратурным марафоне слова возьме Андрэас Нэзэр. Ён прачытае ўрыўкі са свайго апошняга рамана “Лётаць, пакуль не пойдзе снег”, які апісвае напружанне, што ўзнікае між выпадкам і лёсам. Акрамя таго, Андрэас Нэзэр прадставіць вершы і апавяданні на швейцарскім дыялекце.
Дыялект будзе гучаць і падчас літаратурнага перформансу Штэфані Гроб, якая выступае на розных сцэнах Швейцарыі ў жанры spoken word. Яе тэксты на палітычныя ды сацыяльныя тэмы арыентаваныя на прамоўленае слова, вельмі музычныя, часткова рытмізаваныя. Тэксты прагучаць не толькі на нямецкай мове, але і па-беларуску ў выкананні актора Віталя Краўчанкі.
Драматург Герхард Майстэр прадставіць свае п’есы, за якія ён атрымаў шматлікія ўзнагароды, і ў далейшай размове дазволіць гледачам зазірнуць за кулісы і даведацца пра тое, як ствараюцца тэатральныя тэксты.
Незалежна ад таго, атрымліваеце вы асалоду ад класічных аўтарскіх чытанняў ці аддаяце перавагу альтэрнатыўным фарматам, шукаеце новыя тэксты для выкарыстання на занятках па нямецкай мове альбо пішаце самі, у праграме праекту “LESEBÜHNE.CH” кожны аматар літаратуры знойдзе для сябе штосьці цікавае.