Назвалі імя таемнага каханка Федэрыка Гарсіі Лоркі
14 траўня 2012
Рамірэс дэ Лукас і Лорка сустрэліся ў Мадрыдзе ў 1934 ці 1935 годзе. Да таго моманту Лорка ўжо быў шырока вядомы, у той час як Рамірэс дэ Лукас толькі прыехаў у сталіцу Гішпаніі з Альбасэтэ, марачы зрабіцца акторам. У 1936 годзе яны вырашылі з’ехаць у Мексіку, аднак для гэтага юнак павінен быў атрымаць згоду сям’і, бо на той момант яму яшчэ не споўніўся 21 год.
Каб атрымаць дазвол, Рамірэс дэ Лукас адправіўся ў Альбасэтэ, аднак яго бацька, які вылучаўся кансерватыўнымі поглядамі, адмовіў яму ў падарожжы і адправіў вучыцца ў Мадрыд. Што да Лоркі, то ён таксама з’ехаў з Мадрыда на радзіму ў Гранаду ў надзеі схавацца ад нацыяналістаў. Праз некалькі дзён пасля яго ад’езду ў Гішпаніі пачалася грамадзянская вайна. У жніўні 1936 году Лорка быў арыштаваны і расстраляны.
Хуан Рамірэс Лукас, які пасля зрабіўся даволі вядомым у Гішпаніі архітэктурным крытыкам, да канца жыцця захоўваў дзённікі і лісты, якія сведчылі пра яго раман з паэтам. Незадоўга да смерці, у 2010 годзе, ён перадаў гэтыя дакументы сваёй сястры, каб яна іх апублікавала.
Гомасэксуальнасць Лоркі доўгі час замоўчвалася як гішпанскім літаратурным істэблішмэнтам, так і сям’ёй паэта. Гэта стала шырока вядомым толькі ў канцы 1980-х гадоў дзякуючы даследаванням яго біёграфа Яна Гібсана. Існуюць тэорыі, згодна з якімі Лорка быў расстраляны франкістамі не толькі за яго прыхільнасць да рэспубліканцаў, але і за сэксуальную арыентацыю.