У Маскве адкрыюць музей Ганны Ахматавай
15 траўня 2012
У гэтай кватэры бывалі выбітныя дзеячы айчыннай культуры і мастацтва ХХ стагоддзя: Дзмітрый Шастаковіч, Міхаіл Зошчанка, Лідзія Русланава, Аркадзь Райкін, Фаіна Ранеўская і многія іншыя. У памяшканнях будучага музея праходзілі літаратурныя чытанні і сустрэчы. У гэтай кватэры ў 1941 годзе адбылася адзіная сустрэча Ганны Ахматавай і Марыны Цвятаевай.
Цяпер у двары дома на Вялікай Ардынцы, дзе часцей за ўсё спынялася Ахматава, прыязджаючы ў Маскву, размешчаны помнік паэтцы, выкананы паводле малюнка Мадыльяні. На доме ёсць мемарыяльныя дошкі.
Ідэю стварэння музея ў чатырохпакаёвай маскоўскай кватэры, якая належала пісьменніку Віктару Ардаву, прапанавалі яго сын, протаіерэй Міхаіл Ардаў і народны артыст СССР Аляксей Баталаў. Ініцыятары гатовыя бязвыплатна перадаць для экспазіцыі гістарычныя экспанаты, бібліятэку, асабісты архіў і фотаархіў з невядомымі малюнкамі Ахматавай.
— Для рэалізацыі ініцыятывы па стварэнні музея як дзяржаўнай установы Баталаў і Ардаў пагадзіліся ўключыць экспанаты ў склад Музейнага фонду Расійскай Федэрацыі, — адзначылі ў прэфектуры ЦАА, дадаўшы, што акруговыя ўлады, “улічваючы мемарыяльную каштоўнасць і захаванасць гістарычнага інтэр'еру кватэры”, падтрымліваюць ідэю арганізацыі музея.
Адзіная ўмова ў тым, што зараз сталічнаму дэпартаменту жыллёвай палітыкі і жыллёвага фонду трэба перавесці памяшканне кватэры агульнай плошчай 74,8 кв.м у нежылы фонд, аформіць права ўласнасці горада і перадаць ужо нежылое памяшканне ў аператыўнае кіраванне аб'яднання “Музеі Масквы”. Акрамя таго, мусіць быць абсталяваны асобны ўваход у памяшканне, размешчанае на другім паверсе.